Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паразумецца з уладамі магчыма, але не з Лукашэнкам», — намесьнік старшыні Партыі БНФ


Вадзім Саранчукоў, намесьнік старшыні Партыі БНФ

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў расказаў Свабодзе пра зборы за мяжу за пару хвілін, пра тое, чаму ён не далучаецца да ніводнай апазыцыйнай каманды ў Вільні і што думае пра справу Рыгора Кастусёва.

Зьехаў у Вільню пасьля ператрусу

Вадзім Саранчукоў — намесьнік старшыні партыі БНФ. У грамадзка-палітычнай дзейнасьці з 1997 году. Каардынатар кампаніі #ByCovid-19 у Горадзенскай вобласьці. Неаднаразовы кандыдат у дэпутаты. Адзін з арганізатараў #БНР-101 у Горадні. 41 год, жанаты, трое дзяцей. Рамесьнік, робіць упрыгажэньні са шкла і дрэва.

Актыўна сачыў за выбарчай кампаніяй 2020 году, займаўся палітычнай аналітыкай, валянтэрствам. Не ўваходзіў у каманду ніводнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта. Разам з групай прадстаўнікоў грамадзкасьці ўдзельнічаў у перамовах з горадзенскімі ўладамі пасьля выбараў у жніўні 2020 году. Летась некалькі разоў з Саранчуковым праводзілі сьледчыя дзеяньні ў крымінальных справах. На сёньня ён ня ведае, ці завялі на яго справу.

Цяпер Вадзім у Вільні, ягоная сям’я засталася ў Беларусі. Сёлета 15 ліпеня да яго прыйшлі зь ператрусам у загарадны дом каля Горадні. Ён сам быў у горадзе, калі даведаўся пра візыт сілавікоў. За лічаныя хвіліны сабраў заплечнік і выйшаў з кватэры. На ім былі джынсы і майка. У заплечнік паклаў сьцяг, зубную шчотку, шкарпэткі і дакумэнты. На наступны дзень легальна вылецеў самалётам у Грузію. Адтуль пераехаў у Рыгу, а пасьля ў Вільню. Перашкодаў на мяжы не было.

«На сёньня асноўнае — гэта фармаваньне вобразу будучыні»

— На некаторых сяброў групы, якая вяла перамовы з горадзенскімі ўладамі летась у жніўні, завялі крымінальныя справы, выклікалі на допыты. Вы досыць доўга заставаліся ў Беларусі, хоць была рызыка, што вас затрымаюць.

— За гэты год я асабіста, партыя, да якой належу, і мае сябры дзейнічалі выключна ў рамках прававога поля. Я адукацыяй юрыст. Мы ўсё рабілі абсалютна адкрыта, не хаваючыся, шукаючы каналы камунікацыі зь дзяржаўнай адміністрацыяй.

Адчуваць небясьпеку ў прававым полі абсалютна не выпадала, бо мы не парушалі закону. Наадварот, мы спрабавалі гэты закон утрымаць, спыніць гвалт. Я лічу, што гэта правільна. Трэба знайсьці кампраміс, агульную мову.

Я думаю, што без сыстэмы камунікацыі і ўзаемнага даверу нейкага паразуменьня ў Беларусі ня будзе. Цяпер свой ад’езд я разглядаю як службовую выправу. Калі можаш ня сесьці, то лепей не сядаць, а зьехаць.

Вадзім Саранчукоў, намесьнік старшыні партыі БНФ, каардынатар кампаніі #ByCovid-19 у Горадзенскай вобласьці, 2020 год.
Вадзім Саранчукоў, намесьнік старшыні партыі БНФ, каардынатар кампаніі #ByCovid-19 у Горадзенскай вобласьці, 2020 год.

«Мы не парушалі закону»

— Чым вы цяпер займаецеся ў Вільні?

— Актыўна займаюся як партыйнымі, так і грамадзкімі справамі, тымі праграмамі, пра якія мы гаварылі апошнія некалькі гадоў. На сёньня асноўнае — гэта фармаваньне і разуменьне вобразу будучыні на самых розных узроўнях: ад нацыянальнага да лякальнага. Калі мы кажам, што плянуем зьмяняць краіну, то кожны павінен разумець, што зьменіцца на нацыянальным узроўні, што зьменіцца ва ўмоўным Вішняўцы (мікрараён Горадні. — РС), хто да гэтага павінен прыкласьці намаганьні, хто ад гэтага атрымае выгоды. Гэта асноўнае, чаго не хапае ўсёй беларускай палітыцы.

— Дзе менавіта вы агучваеце свае прапановы, праграмы?

— Сустрэч насамрэч вельмі шмат, яны сталі магчымымі пасьля захадаў эўрапейскіх краінаў у пляне барацьбы з COVID-19. Сустрэчы зь беларусамі, якія застаюцца ў Беларусі, у асноўным адбываюцца праз інтэрнэт.

«Трэба зрабіць выбар: або піярыцца зараз, або зрабіць справу»

— На якія сродкі вы цяпер жывяце? Ці прыносіць вам грошы палітыка?

— Я не зьвяртаўся па палітычны прытулак, не зьвяртаўся ў фонды па дапамогу. У мяне ёсьць рамесная дзейнасьць. Я зрабіў сабе маленечкую майстэрню і працягваю займацца тым, чым і ў Беларусі, — упрыгажэньнямі. У мяне ня так шмат выдаткаў. Я заўсёды разьлічваў на ўласныя сілы.

Палітыка, на жаль, грошай не прыносіць. Ніводнай стаўкі з заробкам у БНФ няма: ні старшыня, ні намесьнікі, ні сябры Сойму не атрымліваюць заробку. Я гэта гарантую.

Я магу прыйсьці ў любы офіс, сказаць, што думаю, і пайсьці, не азіраючыся, што нехта мне вінен нейкія гранты. Мяне гэта абсалютна задавальняе.

— Ці спрабавалі вы далучыцца да адной зь беларускіх структураў за мяжой — да каманды Ціханоўскай або фонду ByHelp, прыкладам?

— Я не спрабаваў уладкавацца кудысьці на працу. Тыя праграмы, ідэі і пляны, якія распрацоўваю я і тыя людзі, з кім я працаваў у Горадні, — унівэрсальныя. Я лічу, што гэта абсалютна правільна. Нам трэба зрабіць прадукт, які здолее ўзяць сабе для выкананьня любы чалавек, прадукт, зразумелы для ўсіх.

Вадзім Саранчукоў. Горадня, ліпень 2020 году.
Вадзім Саранчукоў. Горадня, ліпень 2020 году.

Прыкладам, чалавек хоча балятавацца ў гарадзкі савет. Ён можа ўзяць нашу праграму, адаптаваць і абгрунтаваць, што ён хоча гэтага дасягнуць.

Таму я ня бачу сэнсу працаваць пад нечым офісам і нечым штабам. Гэта не пра асабістыя арганізацыйныя амбіцыі. Гэта тая справа, якую трэба зрабіць, бо калі мы зьмяняем Беларусь да дэмакратычнай краіны, то мы маем у гэтым кірунку і разьвівацца. Я з такой думкай жыву апошнія гадоў 15.

«Я ўпэўнены, што Рыгор трымаецца годна і ўсё перанясе»

— Што вы ведаеце пра стан старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які 5 месяцаў знаходзіцца пад вартай з падазрэньнем на анкалёгію?

— Інфармацыя пра яго вельмі абмежаваная. Ён сам вельмі абмежаваны інфармацыйна. Мы ня раз абмяркоўвалі ў паліткамісіі партыі, хто колькі разоў пісаў Рыгору. Я асабіста пісаў разоў 8–10. Але мы дакладна ведаем, што ён атрымлівае лісты толькі ад адной дзяўчыны, піша ёй, што не атрымлівае лістоў ад іншых.

Ніякіх сьледчых дзеяньняў зь ім ня робяць. Ён проста сядзіць. Чалавека ўзялі ў закладнікі. У яго праблемы з сэрцам. Былі спадзяваньні, што яму зьменяць умовы ўтрыманьня, але, на жаль, сьледзтва вырашыла, што СІЗА КДБ — гэта найлепшае месца для хворага чалавека. Я ўпэўнены, што Рыгор трымаецца годна і ўсё перанясе.

— Што вам вядома пра ягоную крымінальную справу? Ці мог ён мець нейкае дачыненьне да «змовы супраць дзяржаўнай улады», што яму прад’яўляюць?

— Я абсалютна перакананы, што ад пачатку да канца гэта абсалютна выдуманая справа. Рыгор Андрэевіч Кастусёў — чалавек выключна прынцыповы. Ні да якіх дзеяньняў, які парушаюць Крымінальны кодэкс ці іншы закон, ён проста апрыёры датычны ня быў. Справа абсалютна выдуманая ня толькі датычна Рыгора, але і іншых фігурантаў.

Асобная праблема, што Рыгор Кастусёў да сёньня не прызнаны палітзьняволеным, нягледзячы на тое, што матывацыя ягонага затрыманьня палітычная. Але гэта пытаньне, па якім мы працуем з праваабаронцамі.

«Мы дамовіліся з гарвыканкамам на электрычнасьць на мітынгу»

— Вернемся да падзей жніўня 2020 году. Тады ў Горадні прадстаўнікі грамадзкасьці спрабавалі дамовіцца з уладамі, стварыць агульны орган народнага даверу. Вы ўваходзілі ў тую групу. Чаго вы хацелі дамагчыся тымі перамовамі? І што ў гэтай камунікацыі пайшло ня так?

— Ва ўсіх людзей розныя чаканьні. Калі на плошчы Леніна зьбіраецца вялікая колькасьць людзей са сваімі патрабаваньнямі і прадстаўнікі гарадзкога выканаўчага камітэту, і калі ў іх патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, то звычайны, зразумелы і нармальны адказ гарвыканкаму: «Сябры, гэта ня наша юрысдыкцыя. Мы гэтага зрабіць ня можам».

Вадзім Саранчукоў на пікеце ў Горадні 23 ліпеня 2020 году.
Вадзім Саранчукоў на пікеце ў Горадні 23 ліпеня 2020 году.

Таму ўсё тое, што мы рабілі, было скіравана менавіта на тую мяжу, дзе адзін бок можа прыняць рашэньне, а другі бок высоўвае такія патрабаваньні. У нас атрымалася дамагчыся дазволу на правядзеньне ў цэнтры гораду масавых мерапрыемстваў, прамой трансьляцыі на дзяржаўным тэлебачаньні, сустрэчы з дэпутатамі, былі вызваленыя затрыманыя. Фактычна ўсё тое, чаго мы патрабавалі, было выканана.

Маё асабістае чаканьне палягала ў тым, што гэты наш унікальны для Беларусі досьвед будзе трансьляваны на ўсю краіну, каб такое самае паразуменьне адбылося ў Магілёве, Гомлі, Берасьці. Але гэтага, на жаль, ня выйшла.

Усё было сфармулявана так, каб яно не парушала дзеючага заканадаўства. Гэта паказала, што паразуменьне ў прынцыпе магчымае, калі яно не натыкаецца на асабістую ўпартасьць. Зразумела, што дамаўляцца можна не з усімі. З Лукашэнкам не дамовісься. У жніўні здавалася, што падключыць электрычнасьць у гарвыканкаме [для мітынгу] абсалютна немагчыма, але ў нас атрымалася. Пытаньне, чаму гэта атрымалася толькі ў Горадні. Магчыма, тут паўплываў досьвед перамоваў з уладамі, калі рыхтавалі #БНР-100 і #БНР-101.

— Як вы думаеце, што варта цяпер рабіць беларусам, калі такія жорсткія рэпрэсіі, калі сьціхлі пратэсты, каб урэшце жыць лепш і больш свабодна?

— На жаль, у нас традыцыйна склалася, што беларусы чакаюць, што прыйдзе хтосьці, хто скажа: «Вось так правільна, і так трэба рабіць». А трэба зыходзіць з таго, што кожны чалавек гэта вырашае для сябе. Калі людзі самі фармуюць сваю супольнасьць, калі супольнасьць будзе шукаць магчымасьці разьвівацца на сваіх тэрыторыях, то мы ў выніку і прыйдзем да зьменаў у краіне. Трэба зыходзіць не з таго, што «мая хата з краю», а з таго, што мая хата — гэта цэнтар сусьвету.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG