Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця дапаможа Ўкраіне з выдаткамі на адключэньне ад энэргасыстэм Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота.

Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця выдзеліць Украіне 211 мільёнаў даляраў на павелічэньне ўстойлівасьці ўкраінскай энэргасыстэмы дзеля інтэграцыі ў эўрапейскую энэргасетку ENTSO-E пасьля адключэньня ад беларускай і расейскай энэргасыстэм.

Як паведамілі ў прэсавай службе ўкраінскага ўраду, 13 верасьня бакі падпісалі адпаведную дамову гарантыі.

Прадугледжваецца, што гэтыя грошы атрымае найбольшая дзяржаўная генэруючая кампанія «Укргідроенерго» на ўсталяваньне гібрыдных сыстэмаў вытворчасьці электраэнэргіі.

Умовы выдзяленьня фінансавых рэсурсаў не ўдакладняюцца.

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль 9 верасьня заявіў, што ўжо ў зімовы пэрыяд 2021/2022 году ўкраінская энэргасыстэма будзе працаваць асобна ад энэргасыстэм Беларусі і Расеі.

«Мы завяршылі ўсе тэхнічныя пытаньні і плянуем гэтай зімой адпрацаваць у адасобленым рэжыме. Наша мэта — гэта адключэньне ад энэргасыстэм Беларусі і Расеі і сынхранізацыя з эўрапейскай энэргетычнай сеткай у 2023 годзе», — заявіў Дзяніс Шмыгаль у часе сустрэчы з прэм’ер-міністрам Славеніі Янэзам Яншам.

У кастрычніку 2021-га Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны плянуе прэзэнтаваць справаздачу аб выніках правядзеньня сыстэмных выпрабаваньняў у Аб’яднанай энэргетычнай сыстэме Ўкраіны па працы ў ізаляваным рэжыме. Да гэтага часу плянуюць таксама стварыць поўны пералік генэруючага абсталяваньня, якое можа дзейнічаць, калі энэргасыстэма будзе працаваць у ізаляваным рэжыме.

У 2010 годзе Беларусь, Расея і Ўкраіна падпісалі трохбаковае тэхнічнае пагадненьне аб забесьпячэньні паралельнай працы энэргасыстэм трох краін. Яно прадугледжвала ўзгадненьне дзеяньняў дзеля перадачы электрычнай энэргіі і эксплюатацыі міждзяржаўных ліній электраперадач. Такая супраца дазваляла павялічваць магчымасьці рэзэрваваньня магутнасьцяў на выпадак аварый і адключэньняў у пэўных рэгіёнах.

У рамках гэтага пагадненьня Беларусь і Ўкраіна кожны год, прынамсі на двухбаковым узроўні, падпісвалі адпаведныя тэхнічныя пагадненьні на выпадак неабходнасьці энэргапаставак у надзвычайных ці аварыйных сытуацыях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG