Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФБР рассакрэціла першы дакумэнт пра расьсьледаваньне тэрактаў 11 верасьня


Нью-Ёрк, 11 верасьня 2021

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША вечарам 11 верасьня рассакрэціла першы дакумэнт, зьвязаны з расьсьледаваньнем тэрактаў 11 верасьня 2001 году, ахвярамі якіх сталі каля 3 тысяч чалавек.

Раней аб рассакрэчаньні шэрагу дакумэнтаў да 20-х угодкаў тэрарыстычных атакаў на Нью-Ёрк і Пэнтагон распарадзіўся прэзыдэнт Джо Байдэн.

Дакумэнты, якія будуць апублікаваныя, зьвязаныя з расьсьледаваньнем так званага саудаўскага сьледу ў падзеях 11 верасьня. Іх рассакрэчаньня патрабаваў шэраг сваякоў ахвяраў, якія сьцьвярджаюць, што да падрыхтоўкі тэрактаў маглі мець дачыненьне ўлады Саудаўскай Арабіі.

Апублікаваны 11 верасьня дакумэнт зьмяшчае 16 старонак, частка яго тэксту, як звычайна бывае пры публікацыі рассакрэчаных дакумэнтаў у ЗША, схаваная. У дакумэнце, складзеным у красавіку 2015 году, пераказваецца допыт былога супрацоўніка саудаўскага консульства ў Лос-Анджэлесе, які, як сьцьвярджаецца, кантактаваў зь людзьмі, якія аказалі «значную матэрыяльна-тэхнічную падтрымку» двум з 19 тэрарыстаў, якія захапілі самалёты, што сталі прыладамі тэрактаў. Імя дапытанага ў дакумэнтах утоена, аднак названы некалькі імёнаў саудаўскіх падданых, якія кантактавалі з будучымі тэрарыстамі.

Якіх-небудзь сьцьвярджэньняў аб тым, што ўлады ў Рыядзе ведалі аб падрыхтоўцы тэрактаў, у дакумэнце няма. Адвакат сваякоў загінулых, аднак, заявіў, што дакумэнт пацьвярджае вэрсію пра магчымае дачыненьне саудаўскіх уладаў да падзей 11 верасьня. Саудаўскія ўлады віталі абнародаваньне дакумэнтаў і зноў адхілілі сваё дачыненьне да трагедыі.

Напярэдадні ў Нью-Ёрку прайшлі жалобныя мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах трагедыі. У іх прынялі ўдзел былыя і цяперашні прэзыдэнт ЗША.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў амэрыканцаў да адзінства ў адмысловым відэазвароце.

«Не мае значэньня, колькі часу прайшло, гэтыя цырымоніі вяртаюць увесь боль, як быццам ты пачуў навіны некалькі сэкундаў таму», — заявіў ён.

Па словах Байдэна, «адзінства» не азначае, што ўсе амэрыканцы павінны верыць у адно і тое ж. «Але мы павінны адчуваць глыбокую павагу і веру адзін у аднаго і ў нашу нацыю», — падкрэсьліў ён. У пачатку звароту Байдэн прыгадаў пра сваіх сяброў, якія страцілі блізкіх падчас тэракту ў Нью-Ёрку.

«Але нават у цемры павіннае быць сьвятло, — сказаў ён, зьвяртаючыся да сваякоў усіх загінулых. — Амэрыка любіць вас і памятае пра вас».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG