Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пануюць тры хваробы жывёлаў? Выцек афіцыйнай інфармацыі


На сьвінафэрме, ілюстрацыйнае фота

Ва ўсіх абласьцях Беларусі зафіксавалі асяродкі афрыканскай чумы сьвіней, ёсьць выпадкі птушынага грыпу і хваробы Ньюкасла. Жывёлы, якіх мусілі б утылізаваць, трапляюць у беларускія крамы і на экспарт.

Адразу ў некалькіх раёнах кожнай з абласьцей Беларусі з пачатку 2021 году зафіксавалі выпадкі афрыканскай чумы сьвіней — усяго па краіне 89 выпадкаў АЧС сярод дзікоў і 52 успышкі захворваньня сьвіней на прыватных падворках, у 8 гаспадарках. Гэта вынікае з дакумэнту Міністэрства сельскай гаспадаркі «для службовага карыстаньня», які апублікаваў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом».

У паперы таксама згадваюцца 7 успышак птушынага грыпу на розных гаспадарках і 85 выпадкаў хваробы Ньюкасла (птушынай «псэўдачумы»).

Падчас наведваньня вэтэрынарным і харчовым наглядам сьвінагадоўчых комплексаў спэцыялісты выявілі грубыя парушэньні, якія тычацца ўмоваў як для жывёлаў, так і для супрацоўнікаў. За праверанымі аб’ектамі замацавалі інспэктараў і спэцыялістаў. На аб’ектах, пішуць у дакумэнце, па-ранейшаму ня робіцца вычарпальных захадаў дзеля прадухіленьня афрыканскай чумы сьвіней і птушынага грыпу.

З дакумэнту таксама вынікае, што жывёлаў, якіх павінны былі б утылізаваць праз пагрозу хваробаў, пускалі на мяса, якое прадавалі як у Беларусі, так і на экспарт.

Раней беларускія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі, што чумы сьвіней у Беларусі няма, хоць яе фіксавалі ў суседніх краінах. Пры гэтым, нягледзячы на непрызнаньне ўладамі існаваньня ў краіне хваробы, у беларускіх гаспадарках прымушалі забіваць сьвіней, а ў лясах практычна вынішчылі дзікоў.

На пачатку верасьня ў Беларусі рэзка вырасьлі цэны на мяса, у тым ліку на сьвініну. Адбылося гэта пасьля таго, як улады дазволілі вытворцам і гандлю да 23 верасьня падняць цэны на мяса і мясапрадукты — ня больш як на 4,9% супраць узроўню канца лютага, калі ўвялі жорсткае рэгуляваньне цэнаў. Выпадкі чумы могуць быць адной з прычынаў павышэньня цэнаў на сьвініну.

Радыё Свабода паспрабавала атрымаць камэнтар у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі. Аднак тэлефон прэсавай службы некалькі гадзін запар не адказвае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG