Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дубойскі, ну хто вы такі, каб вас катаваць?» Выдачу з Расеі беларуса Вадзіма Дубойскага будуць абскарджваць


Вадзім Дубойскі, фота spring96.org

9 верасьня Белгародзкі абласны суд (Расея) не задаволіў скаргі адваката беларуса Вадзіма Дубойскага і пастанавіў выдаць яго на радзіму. Берасьцеец знаходзіцца ў расейскай турме з 15 красавіка. Беларускія ўлады патрабуюць ягонай выдачы. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня за «масавыя беспарадкі».

У расейскім СІЗА Дубойскі можа сядзець да году

«Белгародзкі суд разглядаў скаргу Вадзіма Дубойскага на рашэньне намесьніка генэральнага пракурора Расеі аб выдачы беларуса праваахоўным органам Беларусі. Суд скаргі не задаволіў. Гэтае рашэньне мы цягам 10 дзён будзем абскарджваць у вышэйшай інстанцыі — першым апэляцыйным судзе агульнай юрысдыкцыі. Што тычыцца Эўрапейскага суду ў правах чалавека, аб гэтым яшчэ рана гаварыць, бо не прайшлі апэляцыйную інстанцыю», — паведаміў Свабодзе адвакат Дзяніс Рэва.

Паводле расейскага заканадаўства, Вадзім Дубойскі можа ўтрымлівацца ў СІЗА да году. Бо злачынства, у якім яго вінавацяць у Беларусі, адносіцца да катэгорыі цяжкіх.

«На здароўе цяпер Вадзім не скардзіцца — раней у яго былі праблемы. Цяпер адчувае сябе нармальна. Настрой? Нічога добрага няма ў ізалятары, а Вадзім там з красавіка. Яго падтрымліваюць блізкія, сябры, ён атрымлівае лісты», — дадаў абаронца.

«Дубойскі, ну хто вы такі, каб вас катавалі, білі?»

Сястра Вадзіма расказала, што пазыцыя абароны была пабудаваная на тым, што нельга арыштаванага аддаваць у Беларусь, бо там зь яго могуць зьдзекавацца і катаваць.

«Пракурор на судзе зачытаў, што ў ноч з 10 на 11 жніўня ў Берасьці людзі „бясчынствавалі“, 25 міліцыянтаў атрымалі пашкоджаньні і нібыта Вадзім у гэтым удзельнічаў. Прычым беспарадкі былі з „кіданьнем арматуры, камянёў, піратэхнічных сродкаў“! Брат сказаў, што ён браў удзел у мірным шэсьці», — зазначыла сястра.

Яна кажа, што судзьдзя спытаўся: «Дубойскі, ну хто вы такі, што вы думаеце, што вас будуць біць, катаваць? Я ў гэта ня веру!». Беларус прывёў прыклады, як іншых беларусаў менавіта білі і катавалі ў міліцыі.

«Але судзьдзя паўтарыў, што ён у гэта ня верыць. Прычым абарона падала мэдыцынскія дакумэнты, якія сьведчаць, што Вадзім пасьля затрыманьня ў Берасьці быў моцна пабіты. Судзьдзя на гэта не адрэагаваў», — дадала сястра.

31-гадовы Вадзім Дубойскі пад вартай з 16 красавіка. У жніўні 2020 яго пабілі ў падвалах Дома правасудзьдзя ў Берасьці, а затым ён стаў фігурантам крымінальнай справы паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу. Ён уцёк у Расею, адтуль плянаваў перабрацца ва Ўкраіну, але быў затрыманы расейскімі памежнікамі за спробу пераходу мяжы па-за пунктам пропуску.

Пакуль вядомы толькі адзін выпадак нявыдачы Расеяй беларуса

Дубойскі — адзін са шматлікіх беларусаў, якіх затрымалі расейскія ўлады за ўдзел у беларускіх пратэстах. Фактычна толькі адзін з затрыманых пасьля жніўня 2020 году чалавек быў вызвалены. Гэта блогер Мікалай Давідчык, які амаль 20 гадоў пражыў у Маскве. У Беларусі Давідчыка абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку за адміністраваньне тэлеграм-чату Ліды і накіравалі запыт аб яго экстрадыцыі. У сакавіку Мікалая затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Ён правёў паўтара месяца ў СІЗА, пакуль расейская Генпракуратура нечакана не адхіліла запыт. Пасьля вызваленьня ён зьехаў у Польшчу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG