Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газпром» заявіў пра завяршэньне будаўніцтва «Паўночнага патоку – 2». Што гэта значыць для Беларусі?


Кампрэсарная станцыя «Славянская», Расея. Адсюль пачынаецца пампаваньне газу ў Эўропу

Газаправод, згодна з афіцыйным паведамленьнем, дабудавалі ў 8:45 маскоўскага часу 10 верасьня. На шляху яго будаўніцтва паўставалі праблемы, праект замарожвалі, але ўмяшаньне Нямеччыны ў працэс дазволіла завяршыць праект.

На ранішняй апэратыўнай нарадзе ў кампаніі «Газпром» старшыня праўленьня Аляксей Мілер паведаміў, што раніцай будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток – 2» цалкам завершанае, — паведаміў Інтэрфакс са спасылкай на прэс-службу кампаніі.

6 верасьня зварылі апошнюю трубу другой ніткі магістралі. Пасьля гэтага трэба было правесьці стыкоўку сэкцыі газаправоду, якая ідзе ад берага Нямеччыны, з сэкцыяй, якая цягнецца з водаў Даніі, мэтадам надводнага захлістваньня.

Кладка першай ніткі завяршылася ў пачатку чэрвеня.

Марскі газаправод «Паўночны паток – 2» магутнасьцю 55 млрд кубамэтраў газу ў год праходзіць ад кампрэсарнай станцыі «Славянская» у Кінгісэпскім раёне Ленінградзкай вобласьці да балтыйскага ўзьбярэжжа Нямеччыны.

Агульная працягласьць магістралі ў дзьвюх нітках — 2460 км.

«Газпром» дабудоўваў «Паўночны паток – 2» уласнымі намаганьнямі, бо праз накладзеныя Злучанымі Штатамі санкцыі яго швайцарскі падрадчык спыніў працу па ўкладцы трубы.

На мінулым тыдні Мілер запэўніў эўрапейскіх партнэраў, што «з расейскага боку створаны ўсе неабходныя рэчы: здабыўныя магутнасьці на Ямале і газатранспартныя магутнасьці ў паўночным газатранспартным калідоры».

Як паўстаў праект газаправоду?

Пра будаўніцтва «Паўночнага патоку – 2» дамовіліся ў 2005 годзе Ўладзімер Пуцін і тагачасны канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр, прычым апошні празь некалькі месяцаў увайшоў у кіраўніцтва кампаніі, якая будавала газаправод. Першы трубаправод здалі ў 2012 годзе, а ў 2018-м пачалі будаваць другі.

Першы трубаправод — уласнасьць кампаніі Nord Stream AG, акцыі якой належаць «Газпрому» (51%), нямецкім канцэрнам E.ON-Ruhrgas i BASF-Wintershall (па 15,5%), а таксама нідэрляндзкай кампаніі Gasunie i францускай GdF (па 9%).

«Паўночны паток – 2» належыць кампаніі Nord Stream 2AG. Яе адзіны акцыянэр — расейскі «Газпром».

Санкцыі супраць трубаправоду

«Газпром» ацэньвае, што пастаўкі праз «Паўночны паток – 2» будуць на 20% таньнейшыя, чым празь Беларусь або Ўкраіну. Амэрыканскімі санкцыямі, уведзенымі ў сьнежні 2019 году супраць «Паўночнага патоку – 2», былі задаволеныя Польшча, Украіна і краіны Балтыі. Тагачасны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня ўтойваў, што яго дзяржава зацікаўленая прадаваць Эўропе свой звадкаваны газ.

Аднак пасьля візыту ў Вашынгтон Ангелы Мэркель, ЗША адмовіліся ад санкцыяў супраць трубаправоду па дне Балтыкі. Вашынгтон і Бэрлін заявілі пра гарантыі Ўкраіне ў выпадку газавага ціску з боку Масквы, пра інвэстыцыі ў альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі і пра дапамогу з дывэрсыфікацыяй. Польшча і Ўкраіна выступілі супраць падобнай дамоўленасьці Вашынгтону і Бэрліну.

Што чакае ў сувязі з завяршэньнем праекту Беларусь?

Што тычыцца Беларусі, то, паколькі «Паўночны паток – 2» абыходзіць краіну, тады яна, бясспрэчна, страціць вялікую частку прыбытку за транзыт газу, але дакладная сума невядомая, яна складае камэрцыйную тайну.

Даччынае прадпрыемства расейскага «Газпрому» ад 2011 году валодае беларускай часткай газаправоду Ямал — Эўропа. У дадатак «Газпрому» ў Беларусі належыць і былая беларуская газатранспартная сыстэма «Белтрансгаз». Некаторыя экспэрты лічаць, што менавіта той факт, што Расея валодае транзытнымі трубамі ў Беларусі, не дазволіць ёй адмовіцца ад перасылкі газу празь Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG