Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ узгадніў фінансаваньне краінаў-кандыдатаў. У сьпісе ёсьць Турэччына, але няма Ўкраіны


Эўрапейскі Зьвяз узгадніў 7-гадовы плян фінансаваньня краінаў – кандыдатаў у ЭЗ на агульную суму 14,2 млрд эўра.

Як паведамляецца ў адмысловай заяве Рады ЭЗ, падтрымаюць Альбанію, Паўночную Македонію, Сэрбію, Чарнагорыю і Турэччыну.

«Гэтая падтрымка дапаможа бэнэфіцыярам правесьці рэформы з мэтай будучага сяброўства ў Зьвязе, — гаворыцца ў заяве. — Бэніфіцыярам будзе аказаная падтрымка ў правядзеньні неабходных палітычных, інстытуцыйных, прававых, адміністрацыйных, сацыяльных і эканамічных рэформаў, каб адпавядаць каштоўнасьцям Зьвязу і паступова прыстасоўвацца да правілаў, стандартаў, палітыкі і практыкі Зьвязу».

Заўважна, што тэрміны далучэньня да ЭЗ вышэйназваных краінаў не акрэсьленыя. Назіральнікі адзначаюць таксама адсутнасьць у сьпісе Ўкраіны.

Тым часам Эўрапейскі парлямэнт выказаў падтрымку эўрапейскім памкненьням Украіны і заявіў, што тэрміны ўступленьня ў ЭЗ залежаць ад самой Украіны, піша «Эўрапейская праўда».

Пра гэта гаворыцца ў лісьце эўрадэпутатаў ад «Групы сяброў Украіны ў Эўрапарламэнце», які зьяўляецца адказам на заявы прэзыдэнта Эстоніі Керсьці Кальюлайд. Яна заявіла, што Ўкраіне трэба яшчэ 20 гадоў, каб далучыцца да ЭЗ.

Эўрадэпутаты адзначылі, што крытэрыі сяброўства ў ЭЗ застаюцца нязьменнымі.

«Новыя чальцы мусяць кіравацца палітычнымі каштоўнасьцямі ЭЗ, прынцыпамі адзінага эканамічнага рынку і адпавядаць юрыдычным пытаньням ЭЗ», — гаворыцца ў лісьце.

Эўрадэпутаты нагадалі, што імкненьне Ўкраіны да сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе ў апошнія гады фармуецца Пагадненьнем аб асацыяцыі і Паглыбленым і ўсёабдымным пагадненьнем аб свабодным гандлі.

«Зразумела, што Ўкраіне спачатку давядзецца ў поўнай меры рэалізаваць Пагадненьне аб асацыяцыі, і гэта шлях да ЭЗ. Гэта перш за ўсё працэс рэформаў у многіх сфэрах, і, здаецца, Украіна пагаджаецца, што яны незаменныя», — сказана ў лісьце эўрадэпутатаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG