Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім Белгарадзе суд вырашыў выслаць на радзіму беларуса, які ўдзельнічаў у пратэстах


Вадзім Дубойскі

31-гадовы Вадзім Дубойскі пад вартай з 16 красавіка. У жніўні 2020 яго пабілі ў падвалах Дома правасудзьдзя ў Берасьці, а затым ён стаў фігурантам крымінальнай справы паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу.

Белгародзкі абласны суд прыняў рашэньне аб экстрадыцыі Вадзіма Дубойскага, паведаміла Свабодзе ягоная сястра. Паводле яе, адвакат будзе рыхтаваць апэляцыю на гэтае рашэньне, а расейскія праваабаронцы будуць пісаць пра справу Вадзіма ў Эўрапейскі суд у правах чалавека.

У Беларусі Вадзіму Дубоўскаму пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Да суду гітарыст хардкор-панк-гурту Vagitta Вадзім Дубойскі сядзеў у СІЗА-3 у Белгарадзе. Пасьля пабіцьця ў жніўні 2020 году ў Берасьці мужчыну праз суткі без дакумэнтаў выпусьцілі на волю, ён трапіў у лякарню.

Вадзім тады зьняў пабоі, а сілавікі завялі на яго крымінальную справу за «масавыя беспарадкі». У верасьні яго затрымалі па дарозе да лекара, а ў кастрычніку ён уцёк у Расею, дзе яго ўзялі пад варту мясцовыя сілавікі, падаў прашэньне аб наданьні статусу ўцекача і часовага прытулку. Першапачаткова берасьцеец плянаваў уцячы ва Ўкраіну, але яго затрымалі расейскія памежнікі за спробу пераходу мяжы па-за пунктам пропуску.

Беларускія ўлады накіравалі запыт на экстрадыцыю Дубойскага. У адным зь лістоў на волю Вадзім напісаў, што на радзіме ў выпадку высылкі яго могуць чакаць катаваньні і калецтва ад іх.

Дубойскі — адзін са шматлікіх беларусаў, якіх затрымалі расейскія ўлады за ўдзел у беларускіх пратэстах. Фактычна толькі адзін з затрыманых пасьля жніўня 2020 году чалавек быў вызвалены. Гэта блогер Мікалай Давідчык, які амаль 20 гадоў пражыў у Маскве. У Беларусі Давідчыка абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку за адміністраваньне тэлеграм-чату роднай Ліды і накіравалі запыт аб яго экстрадыцыі. У сакавіку Мікалая затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Ён правёў паўтара месяца ў СІЗА, пакуль расейская Генпракуратура нечакана не адхіліла запыт. Пасьля вызваленьня ён зьехаў у Польшчу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG