Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША назвалі ўрад талібаў «пераходным кабінэтам»


Энтані Блінкен

Злучаныя Штаты ахарактарызавалі як часовы або пераходны кабінэт афганскі ўрад, які ўзначальваюць талібы.

«Ніхто ў адміністрацыі, ні прэзыдэнт, ні хтосьці са службы нацыянальнай бясьпекі ня стаў бы сьцьвярджаць, што талібы прыслухоўваюцца і паважаюць членаў сусьветнай супольнасьці. Яны пакуль ніяк не пераканалі ў гэтым», — заявіла, кажучы пра пазыцыю Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі.

Раней у сераду дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў пасьля пераважна віртуальнай сустрэчы з прадстаўнікамі кіраўніцтва Нямеччыны і яшчэ каля 20 краінаў, што новы ўрад Афганістану будуць ацэньваць па яго справах, і легітымнасьць «яшчэ трэба заслужыць».

Блінкен сустрэўся зь міністрам замежных спраў ФРГ Хайка Маасам пасьля прыбыцьця на амэрыканскую авіябазу Рамштайн у Нямеччыне. Гэты аб’ект выкарыстоўваўся як пункт прыёму рэйсаў з тысячамі эвакуаваных з Афганістану людзей пасьля захопу там улады «Талібану».

«Талібы чакаюць міжнароднага прызнаньня, але любое прызнаньне, любую падтрымку яшчэ трэба заслужыць», — падкрэсьліў дзяржсакратар ЗША.

Талібы ўсталявалі кантроль над Кабулам і амаль усімі афганскімі правінцыямі да сярэдзіны жніўня. Гэтаму папярэднічала некалькі месяцаў іхных баявых перамог над афганскімі ўрадавымі сіламі пасьля пачатку поўнага вываду з краіны войскаў міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША.

Былы прэзыдэнт Ашраф Гані, які ўцёк з Афганістану, у сераду, 8 верасьня, выступіў з новай заявай, папрасіўшы прабачэньня ў афганцаў за раптоўны развал ураду. Ён зноў адхіліў сьцьвярджэньні, што пакінуў Афганістан з мільёнамі даляраў. Гані таксама паўтарыў, што на яго экстраным адʼезьдзе настойвалі дарадцы ў бясьпецы, папярэдзіўшы аб рызыцы кровапраліцьця ў выпадку, калі ён застанецца ў краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG