Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакупнік мэдаля Крысьціны Ціманоўскай перадасьць яго ў Музэй Вольнай Беларусі


Крысьціна Цімноўская з срэбным мэдалём Эўрапейскіх гульняў, 2019 год

Мэдаль Крысьціны Ціманоўскай, які яна прадала на аўкцыёне за 21 тысячу даляраў, увойдзе ў экспазыцыю Музэю Вольнай Беларусі, паведаміў Фонд спартовай салідарнасьці.

Срэбны мэдаль Другіх Эўрапейскіх гульняў набыў жыхар ЗША Яўген. Ён родам з Кіева, пераехаў у Амэрыку 30 гадоў таму. Тады яму дапамагалі дзяржава, мясцовыя ўлады, суседзі і выпадковыя амэрыканцы. І калі ягоная сямʼя перайшла з зоны выжываньня ў зону дабрабыту, ён вырашыў, што будзе дапамагаць іншым.

Яўген купіў мэдаль Ціманоўскай на знак салідарнасьці зь беларусамі, якія трапілі пад рэпрэсіі пасьля леташніх выбараў. Ён лічыць, што сваім учынкам зможа натхніць людзей ахвяраваць арганізацыям, якія займаюцца дапамогай пацярпелым беларусам.

Яўген вырашыў перадаць куплены мэдаль у Музэй Вольнай Беларусі. Пра гэта ён дамовіўся ў размове з Крысьцінай Ціманоўскай. Яна вельмі ўзрадавалася такой ініцыятыве.

Музэй стварае ў Польшчы Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва.

«Мэдаль, які я выставіла на аўкцыён, для мяне вельмі дарагі. Я выдатна памятаю той дзень і эмоцыі, якія яго суправаджалі. Таму, вядома, мне хацелася асабіста пазнаёміцца ці пагутарыць з чалавекам, які, купіўшы яго, вырашыў падтрымаць мяне і ўсіх рэпрэсаваных спартоўцаў. Шчыра скажу, я пад вялікім уражаньнем. І дадам, што людзі, іхная адкрытасьць, гатоўнасьць дапамагаць, ісьці насустрач — гэта самае дзівоснае, што я бачу апошнім часам. Я радая, што мэдаль стане часткай экспазыцыі Музэю Вольнай Беларусі і будзе непадалёк ад мяне. А аднойчы мы разам вернемся дадому», — сказала Крысьціна Ціманоўская.

Крысьціна Ціманоўская публічна раскрытыкавала трэнэрскі штаб нацыянальнай зборнай на сёлетняй Алімпіядзе за некампэтэнтнасьць, празь якую некаторыя спартоўцы не змаглі трапіць на Гульні-2020 ў Токіё.

За гэта прадстаўнікі беларускай місіі паспрабавалі дачасна вывезьці яе дадому, аднак лёгкаатлетка папрасіла заступніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэту і ў выніку адмовілася вяртацца ў Беларусь, накіраваўшыся ў Польшчу. Там яна заявіла, што мае намер атрымаць спартовае грамадзянства гэтай краіны, каб выступаць далей.

Чальцоў афіцыйнай дэлегацыі Юрыя Маісевіча і Артура Шумака, якія ціснулі на Крысьціну Ціманоўскую, дачасна пазбавілі алімпійскай акрэдытацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG