Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парлямэнце Ўкраіны патрабуюць тэрмінова расьсьледаваць зрыў спэцапэрацыі з вагнэраўцамі. Улады пакуль маўчаць


Вярхоўная Рада Ўкраіны

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад апазыцыі патрабуюць тэрміновага незалежнага расьсьледаваньня пасьля абнародаваньня амэрыканскім тэлеканалам CNN некаторых дэталяў апэрацыі супраць вагнэраўцаў, якіх напярэдадні выбараў у 2020 годзе пад Менскам затрымалі беларускія сілавікі, а пазьней перадалі ў Расею.

«Гэтая спэцапэрацыя мусіла ўвайсьці ў залаты фонд украінскіх спэцслужбаў, да яе былі далучаныя краіны NATO, у прыватнасьці спэцслужбы Злучаных Штатаў Амэрыкі», — заявіла сустаршыня фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Ірына Герашчанка з трыбуны парлямэнту 8 верасьня.

Паводле яе, спачатку ўкраінская ўлада «падыграла» Расеі, калі перадала галоўнага сьведку зьбіцьця самалёта МН-17 Уладзіміра Цемаха, а потым — адначасова і Пуціну, і Лукашэнку, калі перадала інфармацыю пра 33 вагнэраўцаў.

«Нагадаю, што Банкавая (вуліца, на якой знаходзіцца Офіс прэзыдэнта Ўкраіны. — РС) і ўсе „слугі“ год нам расказвалі, што ніякай спэцапэрацыі ня было. Потым яны пачалі расказваць, што там нешта такое было, але яе не зрывалі. Потым Зяленскі даў яўку з павіннай, калі прызнаўся, што менавіта ён расказаў Лукашэнку ўсе падрабязнасьці гэтай апэрацыі», — дадала Ірына Герашчанка.

Сёлета ў траўні Вярхоўная Рада Ўкраіны адмовілася ствараць асобную часовую сьледчую камісію для расьсьледаваньня сытуацыі з затрыманьнем вагнэраўцаў у Менску і перадачай іх Расеі. У той жа час дэпутаты падтрымалі стварэньне такой камісіі ў пытаньнях расьсьледаваньня магчымых супрацьпраўных дзеяньняў прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады і іншых асобаў, якія маглі спрыяць парушэньню тэрытарыяльнай цэласнасьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту. У цэнтры яе ўвагі адразу некалькі спраў, а ня толькі справа вагнэраўцаў.

«Мы настойваем, каб вы перасталі гуляцца з гэтымі рэчамі і стварылі камісію па вагнэраўцах. Таму што гэта здрада нашых спэцслужбаў, гэта здрада нашай арміі Вярхоўным галоўнакамандуючым і ягонымі памагатымі», — заявіла Ірына Герашчанка.

Што гавораць экспэрты ў бясьпецы

Намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны ў 2014–2015 гадах Віктар Ягун зьвярнуў увагу на тое, што ўся інфармацыя ў відэасюжэце CNN пабудаваная на інтэрвію невядомых людзей, а таксама раней агучаных у СМІ зьвестак.

«Усё гэта інсынуацыі. Пакуль мы не пабачым таго, што на юрыдычнай мове называецца фактамі, у якіх будуць пацьверджаныя дакладныя сьведчаньні канкрэтных людзей нават без указаньня іхных прозьвішчаў, але яны будуць дакумэнтальна засьведчаныя, што іх сапраўды апыталі і яны гэта пацьвердзілі, вось тады можна будзе пра нешта гаварыць. Пры гэтым я не выключаю, што ўсё можа быць праўдай, але як камэнтаваць журналісцкае расьледаваньне, якое паўтарае тое, што мы і так ужо чулі?», — сказаў Свабодзе Віктар Ягун.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што супраца ўкраінскіх спэцслужбаў са спэцслужбамі стратэгічных краін-партнэраў, у тым ліку ЗША, зьяўляецца агульнавядомым фактам.

Віктар Ягун таксама ня выключыў, што і расьсьледаваньне Bellingcat наўрад ці прадставіць новыя матэрыялы. «Да таго часу, пакуль улада ня скажа праўду, пакуль не пачне як сьлед працаваць камісія, створаная ў Вярхоўнай Радзе, пакуль ня будзе расьсьледаваньня ўсіх момантаў, пакуль усіх не дапытаюць, і пакуль ня скажуць усе, хто мусіць сказаць, — камэнтаваць усё гэта вельмі цяжка. І чаму ў гэтых расьсьледаваньнях ужо не згадваюць турэцкія ці брытанскія спэцслужбы, якіх раней таксама да гэтага выпадку прывязвалі?», — дадаў ён.

«Улада будзе маўчаць. А калі ёсьць абвінавачаньні, то іх трэба належным чынам аформіць, накіраваць заяву ў праваахоўныя органы і сачыць, каб яна была рэалізаваныя. Усе іншыя абвінавачаньні неабгрунтаваныя, бо яны базуюцца толькі на размовах. Няхай праваахоўныя органы знойдуць тых людзей, якія расказваюць, што была такая спэцапэрацыя, няхай іх апытаюць, тым больш што завялі крымінальную справу у Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў», — мяркуе экспэрт.

Што раней казалі ўлады

У верасьні 2020 году кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак адкінуў усе абвінавачаньні ў зрыве спэцапэрацыі, якой нібыта папярэднічала нарада з удзелам Уладзіміра Зяленскага.

«Гэта дэтэктыўная гісторыя, якая была выдуманая ад самага пачатку да канца. Узялі некалькі фактаў з рэальнасьці, дадалі мастацкай вынаходкі — і стварылася маштабная гісторыя, якая сапраўды ўражвае», — заяўляў Андрэй Ярмак.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі больш дэтальна пракамэнтаваў сытуацыю з вагнэраўцамі толькі сёлета ў чэрвені ў адным з тэлевізійных інтэрвію.

Найперш ён параўнаў імаверныя пляны «захапіць вагнэраўцаў» з затрыманьнем журналіста Рамана Пратасевіча і паведаміў, што давярае кіраўніку сваёй адміністрацыі Андрэю Ермаку.

«Да спадара Ермака нуль пытаньняў з боку Службы бясьпекі Ўкраіны, украінскай выведкі. Я яму давяраю. Мы бачылі, што адбылося ў Беларусі, як пасадзілі самалёт, чым гэта ўсё закончылася, чым заканчваюцца такія выпадкі, такія спэцапэрацыі той ці іншай краіны, да якой ізаляцыі яны прыводзяць», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, апэрацыя па затрыманьні «вагнэраўцаў» не была ўкраінскай. «Я дакладна разумею, што гэтая сытуацыя, ідэя такой апэрацыі — гэта была ідэя, скажам так, іншых краін, дакладна не Ўкраіны. І тое, што Ўкраіну максымальна зацягвалі ў гэтае пытаньне, гэта праўда».

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што з Аляксандрам Лукашэнкам у тэлефоннай размове ён размаўляў пра ўжо затрыманых у Менску вагнэраўцаў. «Я яго папярэдзіў, сказаў, што гатовы перадаць яму ўсю інфармацыю, датычную да гэтых людзей, мы ўжо разумелі, якія там былі прозьвішчы, хто гэта такія... Я быў перакананы, што ён перадасьць нам гэтых забойцаў, гэтых вагнэраўцаў. Але потым адбылося тое, што адбылося», — патлумачыў Зяленскі ў чэрвені 2021-га.

У ліпені 2021 году Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева абавязаў Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны цягам 24 гадзінаў завесьці справу ў дачыненьні да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага паводле факту аб дзяржаўнай здрадзе.

Такое рашэньне суд ухваліў па выніках разгляду пазову колішніх дэпутатаў парлямэнту Андрэя Цецерука і Ігара Лапіна, а таксама прадстаўніка партыі «Демократична сокіра» Юрыя Гудыменка, у якім яны скардзіліся на бязьдзейнасьць ДБР у сытуацыі са зрывам апэрацыі па затрыманьні прадстаўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якіх затрымалі ў Беларусі і пазьней перадалі Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG