Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абнавілі базу дармаедаў. Ці трапілі ў яе палітычныя ўцекачы і зьняволеныя?


Пратэст супраць дэкрэту аб дармаедах, архіўнае фота

Першага верасьня беларускія ўлады абнавілі сьпіс так званых дармаедаў. Тыя, хто ў яго трапіў, будуць аплачваць паводле поўных тарыфаў газ, ацяпленьне і гарачую ваду. Прагназуецца, што плацежкі для гэтых людзей вырастуць прыкладна ў 5 разоў.

Zerkalo.io высьветліла, у каго найбольшыя шанцы трапіць у «дармаедзкую» базу. Адпаведную інфармацыю пераглядаюць раз на квартал. Наступны раз гэта зробяць да 1 сьнежня, у абноўленую базу трапяць тыя, хто ня зможа пацьвердзіць занятасьць за ліпень-верасень (дакумэнты трэба падаць да 21 кастрычніка).

Каму турбавацца ня варта?

Тым, хто працуе, вучыцца, пэнсіянэрам, бацькам дзяцей да 7 гадоў. Ня ўключаць у яе таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, адвакатаў, рамесьнікаў, гаспадароў аграсядзібаў, а таксама прызваных на альтэрнатыўную службу.

Таму, хто страціў працу, дадуць тры месяцы на пошук новай, а хто працуе і вучыцца за мяжой, ня трапяць у сьпіс, калі пацьвердзяць занятасьць адпаведнымі дакумэнтамі. Калі зарэгістравацца ў цэнтры занятасьці, гэта таксама будзе важнай падставай.

Калі некага з чальцоў сям’і ўсё ж прызнаюць дармаедам, а ў кватэры пражывае некалькіх чалавек, спажытыя камунальныя паслугі дзеляцца на колькасьць зарэгістраваных жыльцоў. Прызнаны ўтрыманцам аплачвае сваю частку па поўных тарыфах, астатнія — па льготных.

Ці трапілі ў базу палітуцекачы і зьняволеныя?

Не запішуць у дармаеды і тых, хто адбывае пакараньне паводле прысуду. Іншымі словамі, цяперашнія палітычныя вязьні за паслугі на волі дадаткова плаціць ня будуць.

Што тычыцца тых, хто празь перасьлед пакінуў краіну, ім трэба будзе даказваць сваю занятасьць паквартальна. Іначай такія людзі аўтаматычна трапяць у сьпіс незанятых у эканоміцы па выніках трох месяцаў.

Наогул многія блытаюць цяперашні дэкрэт аб дармаедах з тым, які быў раней і прывёў да маштабных акцый пратэсту. Першая вэрсія прадугледжвала выплату падатку на ўтрыманства. Яго плацілі тыя, хто пражываў у краіне больш за 183 дні на год, пры гэтым ня быў заняты і не падпадаў пад выключэньні. Цяпер няма прывязкі да той лічбы, найперш важны факт занятасьці.

Як праверыць, ці ня трапіў у базу?

Каб даведацца, ці не ўключылі вас у дармаедзкую базу, неабходна зьвярнуцца ў адмысловую камісію па месцы рэгістрацыі. Яшчэ адзін спосаб — паглядзець інфармацыю на адзіным партале электронных паслуг. Для гэтага спатрэбяцца логін і пароль, якія можна атрымаць у службе «Адно акно» ў раённым выканкаме.

Ад камуналкі па поўных тарыфах могуць цалкам або часткова вызваліць тых, хто апынуўся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі. Сярод такіх прычынаў — праблемы са здароўем, аддаленасьць цэнтру занятасьці ад месца жыхарства, дагляд хворага дзіцяці да 14 гадоў ці непрацаздольных сямейнікаў.

Калі памылкова ўключылі ў дармаеды, трэба зьвярнуцца ў камісію садзейнічаньня занятасьці і падаць пацьвярджальныя дакумэнты.

Чыноўнікі дагэтуль не гавораць, колькі ў цэлым па краіне знаходзіцца ў базе дармаедаў і колькі атрымліваюць «цяжкія жыроўкі». Раней міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч казала, што ў базе не занятых у эканоміцы лічыцца каля 500 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG