Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонцы Ігара Лосіка не аддаюць лісты мужа, Ціханоўскі чытае Байрана. Што новага ў палітзьняволеных


Палітвязьні Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

Жонка зьняволенага блогера Ігара Лосіка Дар’я паведамляе, што адміністрацыя гомельскага СІЗА-3 адмаўляецца выканаць рашэньне судзьдзі і аддаць ёй лісты, якія яе муж, палітзьняволены, здаў на склад. Маці Сяргея Ціханоўскага не дазволілі спатканьне з сынам. Што адбываецца на судзе над палітвязьнямі?

«Два тыдні адміністрацыя СІЗА-3 гуляе са мной у кошкі-мышкі. Ігар здаў на склад мноства лістоў і паштовак, якія дасылалі яму людзі. Ён напісаў заяву на імя судзьдзі Мікалая Бакунова, каб гэтыя лісты аддалі мне, ягонай жонцы. Бо цяпер Ігар адносіцца да Гомельскага абласнога суду, які і вырашае ўсе пытаньні са спатканьнямі, дазволамі і гэтак далей. Нягледзячы на тое, што судзьдзя дазволіў мне забраць лісты са складу, адміністрацыя турмы не аддае іх!» — абураецца Дар’я Лосік.

Яна кажа, што сёньня мела размову з гэтай нагоды з намесьнікам начальніка СІЗА Малышавым. «Ён правёў мяне ў актавую залю СІЗА, выслухаў прэтэнзіі, некуды тэлефанаваў, потым недзе хадзіў, і паказаў мне пункт 50.2 правілаў СІЗА-3, дзе напісана, што дазволеныя рэчы яны сваякам не выдаюць. Але мне дазволіў судзьдзя, менавіта судзьдзя ўсё вырашае! Я гэта проста так не пакіну, буду пісаць скаргі ў вышэйстаячыя інстанцыі», — кажа жонка палітзьняволенага.

Адметна, што раней яна ўжо па просьбе мужа забірала ягоныя рэчы са складу гомельскай турмы.

Яна кажа, што ад Ігара Лосіка быў нядаўна ліст, дзе ён піша, што на паседжаньнях сядзіць увесь час у масцы — «ледзьве стрымлівае сьмех, бо гэта ня суд, па ягоных словах, а сьмехапанарама».

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла на сваёй старонцы ў Telegram, што маці Сяргея Ціханоўскага адмовілі ў спатканьні зь ім. Сяргей Ціханоўскі за кратамі з 29 траўня 2020 году. Са жніўня 2020 году ён сядзіць у адзіночнай камэры.

Прысутнасьці духу і бадзёрасьці палітзьняволены не губляе — пра гэта сам піша ў лістах. «Яшчэ месяцы два буду на суды хадзіць, добра, што на месцы. Чытаю ўсё, што дае бібліятэка. Цяпер чытаю Байрана», — напісаў у лісьце Ціханоўскі.

Ён дадаў, што верыць у перамены да лепшага «праз 4 гады».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG