Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК у Расеі не палічыў парушэньнем стварэньне двайнікоў апазыцыйнага кандыдата


Праваабаронца і дэпутат Барыс Вішнеўскі, супраць якога выставілі двух «цёзак»

ЦВК Пецярбургу адмовіўся задаволіць скаргі апазыцыйнага кандыдата Барыса Вішнеўскага на бюлетэні з «двайнікамі». ЦВК РФ пасьля правядзеньня верасьнёўскіх выбараў плянуе падрыхтаваць рэкамэндацыі для заканадаўцаў аб забароне выкарыстаньня «тэхналёгіі двайнікоў».

Гэтай восеньню каманда расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага абяцае зноў публікаваць прозьвішчы самых пэрспэктыўных канкурэнтаў кандыдатам ад партыі ўлады. Меркавалася, што ў Санкт-Пецярбургу адным зь іх стане Барыс Вішнеўскі ад партыі «Яблоко».

Аднак цяпер у Пецярбургу за крэсла дэпутата Заканадаўчага сходу змагаюцца адразу тры кандыдаты зь імем і прозьвішчам Барыс Вішнеўскі. Прычым ня ў розных акругах, а канкуруюць адзін з адным. Гэта не выпадковасьць, а паліттэхналёгія. Двух «цёзак» выставілі супраць дзейнага дэпутата і праваабаронцы Барыса Вішнеўскага.

Барысамі Вішнеўскімі яны абодва сталі напярэдадні перадвыбарнай кампаніі. Акрамя зьмены імёнаў, двайнікі сапраўднага Вішнеўскага зьмянілі і зьнешнасьць — адгадавалі бароды і сталі вельмі падобнымі да яго.

Такія перадвыбарчыя тэхналёгіі палічыла празьмернымі і кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Эла Памфілава. Яна заклікала выбаркам Санкт-Пецярбургу замяніць плякат з двайнікамі Барыса Вішнеўскага. А самім кандыдатам кіраўніца ЦВК параіла зьняць свае кандыдатуры з выбараў: «Калі ў вас рэшткі сумленьня засталіся, ...здыміце іх, пакуль ёсьць такая магчымасьць».

Двайнікі — гэта эфэктыўны спосаб адцягнуць галасы. Так, у 2019 годзе таксама ў Пецярбургу кандыдат ад ЛДПР Кацярына Лебедзева прайграла муніцыпальныя выбары, калі ў бюлетэні перад ёй выставілі Яўгенію Лебедзеву.

«Я асабіста вяла вельмі яркую выбарчую кампанію, хадзіла па хатах, мела зносіны з выбарнікамі і была да таго часу ўжо 10 гадоў дэпутатам у гэтай акрузе, людзі мяне ведалі. Мае выбарнікі, якія шмат гадоў мяне ведаюць, — гэта ў асноўным пажылыя людзі, яны казалі: «Кацярына, прабачце, мы проста памыліліся. Бачылі тваё прозьвішча, ставілі за цябе галачку, потым глядзім — яшчэ адна», — апавядала Лебедзева.

  • Выбары ў Дзяржаўную Думу Расеі пройдуць 17-19 верасьня і завершацца ў адзіны дзень галасаваньня 19 верасьня 2021 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG