Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІТ-кампанію, дырэктара якой пакаралі 5 гадамі калёніі, таемна выключылі з Парку высокіх тэхналёгій


Будынак ПВТ у Менску, ілюстрацыйнае фота

Менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыю ў справе дырэктара ІТ-кампаніі «Тэхнакратыя» Дзьмітрыя Канапелькі. Паводле адваката асуджанага айцішніка, ранейшае рашэньне суду Маскоўскага раёну сталіцы засталося нязьменным.

Сёлета ў чэрвені чатырох фігурантаў справы «аб лазэрнай указцы» асудзілі на 5 гадоў кожнага з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Усіх прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

А днямі стала вядома, што кампанія «Тэхнакратыя», якую ўзначальвае Дзьмітры Канапелька, больш не ўваходзіць у структуру Парку высокіх тэхналёгій. Прынамсі, яе назвы ў сьпісах рэзыдэнтаў няма.

Паводле інфармацыі рэсурсу dev.by, сам Дзьмітры Канапелька не ініцыяваў выхад кампаніі з ПВТ, адпаведна, гэта зрабілі безь ягонага ведама.

У «справе аб указцы» значыліся чатыры фігуранты, усе валянтэры штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты, экс-банкіра Віктара Бабарыкі, ужо асуджанага на 14 гадоў калёніі : Дзьмітры Канапелька (дырэктар ІТ-кампаніі), Ігар Ярмолаў (настаўнік школы танцаў), Уладзіслаў Карэцкі (асьвятляльнік кінастудыі «Беларусьфільм»), Мікалай Сасеў (беспрацоўны).

Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да «масавых беспарадкаў». Судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка прызнала ўсіх вінаватымі ў «навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца ўчыненьнем гвалту над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або збройным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1. арт. 13; ч.2. арт. 293; ч.3 арт. 293).

Абвінавачаньне тычыцца падзеяў 9–12 жніўня 2020 году. Кожны, на думку дзяржабвінаваўцы, «меў намер асабіста ўдзельнічаць у масавых беспарадках, часткова забясьпечыўшы нявызначаных асобаў у мэтах прымяненьня адпаведнымі прадметамі».

«Прадметамі злачынства» аказаліся «ня менш за 90 лазэрных указак, два малаткі сьлясарныя, дзьве запальніцы, два піратэхнічныя вырабы». Усё канфіскавана ў даход дзяржавы разам з аўтамабілем, з дапамогай якога ўчыняліся «супрацьпраўныя дзеяньні».

Ніводзін з чатырох абвінавачаных сваёй віны не прызнаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG