Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адпрацоўка задушэньня пратэстаў у Беларусі і сумеснага наступу на Захад». Экспэрты пра манэўры «Захад-2021»


Аляксандар Лукашэнка на вайсковых вучэньнях "Захад – 2017" пад Барысавам. Архіўнае фота

10 верасьня Расея і Беларусь пачнуць сумесныя вайсковыя вучэньні «Захад-2021». Падобныя маштабныя манэўры дзьвюх краін праводзяцца раз на чатыры гады, апошнія адбыліся ўвосень 2017 году.

Сёлета вучэньні пачнуцца непасрэдна перад выбарамі дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Расеі і ў пэрыяд самага моцнага за апошнія гады абвастрэньня адносін Менску з суседзямі з Эўразьвязу і NATO, а таксама з Украінай. Расея і Беларусь абвясьцілі аб плянах стварэньня трох пастаянных сумесных вайсковых навучальных цэнтраў у Ніжагародзкай і Калінінградзкай абласьцях Расеі і ў заходняй Горадзенскай вобласьці Беларусі, якая мяжуе з Польшчай і Літвой.

Незалежныя вайсковыя экспэрты ахарактарызавалі будучыя вучэньні «Голасу Амэрыкі» .

«У плянах усіх падобных вучэньняў ёсьць вялікая рэгіянальная вайна з Украінай»

Вайсковы аглядальнік «Новай газэты» Павел Фельгенгаўэр дапускае, што манэўры «Захад-2021» могуць быць пошукам слабых месцаў пры падрыхтоўцы да вайны з ЗША і іх саюзьнікамі. «У прынцыпе, такая вайна можа пачацца як рэгіянальная, а потым адбываецца яе эскаляцыя да сусьветнага ўзроўню», — удакладніў экспэрт.

Павер Фельгенгаўэр
Павер Фельгенгаўэр

Паводле ацэнкі Фельгенгаўэра, пры такім гіпатэтычным сцэнары з удзелам на апошнім этапе стратэгічных ядзерных узбраеньняў могуць браць удзел да 200 тысяч вайскоўцаў ад Аляскі да Калінінграду. Усе падобныя вучэньні — «Каўказ», «Усход» і «Захад» прадугледжваюць маштабнак перакідваньне войскаў, і ў іх плянах ёсьць вялікая рэгіянальная вайна з Украінай, адзначае суразмоўца «Голасу Амэрыкі».

Цяпер да мяжы з Украінай перакінулі значныя сілы расейскай арміі Заходняй, Паўднёвай і Цэнтральнай вайсковых акругаў, нягледзячы на абвастрэньне сытуацыі ў сувязі з прыходам да ўлады талібаў у Афганістане. «Адна палявая армія з Паволжа і адна палявая армія зь Сібіру былі перакінутыя яшчэ вясной падчас так званай праверкі баявой гатоўнасьці, у якой удзельнічала да паўмільёна чалавек. І цяпер, хоць афіцыйна вучэньні яшчэ не пачаліся, праходзяць лягістычныя вучэньні — адпрацоўваецца сыстэма забесьпячэньня, перакіданьня войскаў, іх мабілізацыя, разгортваньне з выкарыстаньнем перадусім чыгунак», — канкрэтызуе Павел Фельгенгаўэр.

І нагадвае, што вельмі магутная групоўка расейскіх узброеных сіл зь пяці армій ужо ствараецца ў Варонескай, Бранскай і Белгарадзкай абласьцях. І гэтая групоўка, на думку экспэрта, «павінна зламаць усю ўкраінскую абарону і раскалоць, разарваць Украіну на дзьве часткі». «У прынцыпе, мяркуецца, што, магчыма, блёк NATO ўвяжацца ў такой канфлікт. Паколькі, як Пуцін напісаў у сваім артыкуле, „Украіна — гэта спрадвечныя рускія землі, якія цяпер акупаваныя ЗША, і для Расеі такая акупацыя абсалютна непрымальная“, то магчымая эскаляцыя ваеннага канфлікту, якая прывядзе да эўрапейскай вайны, а пасьля — і да глябальнай», — мяркуе Павел Фельгенгаўэр.

На ягоную думку, вучэньні «Захад-2021» і маюць на мэце праверку, наколькі ўзброеныя сілы Расеі гатовыя да вядзеньня вайны ў яе трох варыянтах і перамогі ў лякальнай, рэгіянальнай і глябальнай вайне.

«ЗША будуць рэагаваць на гэтую агрэсію так, як палічаць патрэбным»

Незалежны вайскова-палітычны экспэрт Юры Фёдараў упэўнены, што ў ваенным сэнсе Беларусі ніхто не пагражае, ва ўсялякім выпадку ня з Захаду. «Сёньня любімая песьня і Лукашэнкі зь яго асяродзьдзем, і расейскага кіраўніцтва аб тым, што „саюзная дзяржава“ знаходзіцца пад пастаяннай ваеннай пагрозай з боку NATO. Але гэта ня больш, чым прапагандысцкая мантра, закліканая апраўдаць закручваньне гаек унутры краіны, а таксама нарошчваньне вайсковых выдаткаў і ўзмацненьне арміі», — адзначыў ён.

Юры Фёдараў
Юры Фёдараў

Юры Фёдараў таксама падкрэсьлівае, што вучэньні, якія праводзяцца раз на чатыры гады, маюць вялікае значэньне для генштабоў расейскага і беларускага войска і закліканы праверыць баяздольнасьць узброеных сіл на выпадак ваеннага канфлікту з праціўнікам, які на афіцыйным узроўні не называецца. «Мяркуючы па сцэнарах, якія апублікаваныя ў абедзьвюх краінах, гэтыя вучэньні прызначаны, з аднаго боку, для задушэньня „сэпаратысцкіх і тэрарыстычных груповак, якія падтрымліваюцца звонку“. Але на самой справе гэтыя вучэньні прызначаныя для таго, каб адпрацаваць сумесныя дзеяньні войскаў дзьвюх краін у двух выпадках.

  • Першае — буйныя антыўрадавыя выступы ў Беларусі, прычым не абавязкова ўзброеныя.
  • А другое — сумесныя наступальныя апэрацыі расейскай і беларускай арміі супраць Літвы, Польшчы і, ня выключана, супраць Украіны», — зазначае экспэрт.

Ён дадае што, мяркуючы з апублікаваных заяваў расейскіх і беларускіх военачальнікаў, адной з задач вучэньняў зьяўляецца адпрацоўка штурму гарадоў ці гарадзкіх паселішчаў. «А гэта магчыма ў выпадку ўварваньня ў Літву, Польшчу ці Украіну. А інакш якія яшчэ гарады сумесна могуць штурмаваць расейская і беларуская арміі?», — задаецца пытаньнем Юры Фёдараў.

Ён адзначае, што ў выпадку ўварваньня груповак расейскай і беларускай армій у Літву, яны непазьбежна ўступяць у бой з амэрыканскімі вайскоўцамі. «А гэта азначае, што вы ўступілі ў вайну са Злучанымі Штатамі ў цэлым. І ЗША будуць рэагаваць на гэтую агрэсію так, як палічаць патрэбным, аж да самых буйных, масіраваных удараў у адказ», — лічыць ён.

«Цяпер рэалізуецца сцэнар мінулых вучэньняў»

Наколькі вучэньні «Захад-2021» трывожаць Літву? Вайсковы аглядальнік партала Delfi.lt Вайдас Сальджунас (Vaidas Saldžiūnas) нагадвае, што і чатыры гады таму ў Літве шмат гаварылася і пра магчымыя правакацыі, і пра патэнцыйную пагрозу для краін Балтыі ў сувязі з вучэньнямі «Захад-2017». «Але розьніца ў тым, што сёньня сапраўды адбываюцца правакацыі. Гэта значыць, тыя рэаліі, якія тады былі толькі ў сцэнары вучэньняў, цяпер мы бачым на прыкладзе крызісу, зьвязанага з мігрантамі, якія былі прывезены з Іраку і іншых краін у Беларусь, а потым іх пагналі шчытамі і дубінкамі на мяжу спачатку зь Літвой, а затым з Латвіяй і Польшчай. І гэта стварае атмасфэру, якая можа перарасьці ў рэальныя сутычкі, таму што на мяжы ёсьць ня толькі памежнікі, але і войска», — кажа літоўскі экспэрт.

Вайдас Сальджунас
Вайдас Сальджунас

Сальджунас таксама адзначае, што сёньня Лукашэнка пагражае эўрапейскім суседзям магчымасьцю збройнага канфлікту, чаго чатыры гады таму не было. «Вядома, вайсковыя назіральнікі NATO ў Літве кажуць, што пагроза таго, каб вучэньні « Захад – 2021» перарасьлі ў нешта іншае, невялікая. Але патэнцыйна тое, што цяпер адбываецца на мяжы, ужо зьяўляецца сапраўднай пагрозай. Я ня буду гадаць аб матывах, якія існуюць у Крамлі ці ў Менску, чаму гэтую пагрозу трэба было ствараць, але калі паўстала нэгатыўная атмасфэра ў адносінах Лукашэнкі і Крамля з Захадам, лягічна выказаць здагадку, што ў той час, калі яны арганізавалі крызіс зь мігрантамі, правядзеньне вайсковых вучэньняў павінна павысіць пільнасьць з нашага боку. І гэтая пільнасьць праяўленая, але мы таксама ня маем намеру паддавацца на правакацыі», — падкрэсьлівае вайсковы аглядальнік Delfi.lt.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG