Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн пастанавіў рассакрэціць матэрыялы пра тэракты 11 верасьня


Прэзыдэнт ЗША падпісаў указ аб рассакрэчваньні дакумэнтаў пра тэракты 11 верасьня 2001 году. Джо Байдэн лічыць, што грамадзкі інтарэс да закрытых зьвестак перавышае магчымыя страты для нацыянальнай бясьпекі. Матэрыялы належыць рассакрэціць за паўгоду.

Раскрыць гэтыя зьвесткі Байдэн абяцаў яшчэ падчас выбарчай кампаніі. Гэтага ж усе 20 гадоў патрабавалі й сваякі ахвяраў тэрактаў. Яны лічаць, што да нападу датычная Саудаўская Арабія, адкуль паходзіла большасьць сьмяротнікаў. Семʼі загінулых лічаць, што ФБР магло зьнішчыць гэтыя доказы, каб не псаваць стасункі Вашынгтону і Эр-Рыяду. Улады ЗША і Саудаўскай Арабіі гэтыя абвінавачаньні адкідаюць.

11 верасьня джыхадзісты захапілі чатыры пасажырскія самалёты. Два зь іх урэзаліся ў вежы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру на Манхэтане ў Нью-Ёрку, трэці — у Пэнтагон у Вашынгтоне. Каманда і пасажыры чацьвёртага самалёта спрабавалі адабраць кіраваньне ў захопнікаў. У выніку самалёт разьбіўся ў штаце Пэнсільванія, не даляцеўшы да мэты тэрарыстаў.

У выніку атак загінулі амаль тры тысячы чалавек. Тэракт стаў найбуйнейшым у гісторыі па колькасьці ахвяраў.

Адказнасьць за атакі ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Аль-Каіда». Заснавальнік групоўкі Усама бін Ладэн знаходзіўся ў Афганістане пад заступніцтвам тэрарыстычнай групоўкі «Талібан».

Адразу ж пасьля нападу Вашынгтон абʼявіў пра пачатак апэрацыі, мэтай якой было злавіць і судзіць бін Ладэна і іншых кіраўнікоў «Аль-Каіды». Гэта стала адной з прычынаў для ўводу войскаў ЗША ў Афганістан.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG