Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стэнфардзе Зяленскаму задалі пытаньне па-беларуску і пра Беларусь. Што ён адказаў


Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі разьлічвае, што Беларусь зможа дасягнуць вынікаў на шляху да свабоды і дэмакратыі.

На сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў Каліфорніі да ўкраінскага прэзыдэнта зьвярнулася лідэрка Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі Надзея Нортан, падзякавала яму за падтрымку Беларусі і папрасіла парадаў для беларусаў, каб ня страціць веры ў перамены.

«Вы зараз зьвярнуліся на мове сваёй дзяржавы. І я вас цудоўна разумею. Гэта сьведчыць пра тое, што ў нас рэальна агульная гісторыя і сапраўды мы адзін аднаго разумеем. Я зараз ня толькі пра нас з вамі, а і пра нашыя народы», — адразу адрэагаваў Зяленскі на беларускую мову.

Паводле яго, менавіта падобныя мовы і агульная гісторыя дазваляюць дакладна зразумець, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

«Я ня зычу вам праходзіць той шлях, якім прайшла Ўкраіна, людзі Ўкраіны, сем’і, якія аддалі сваё жыцьцё ў барацьбе за свабоду свайго народу, за свабоду сваёй цудоўнай дзяржавы. Я зычу вам выніку, таго самага, які атрымала Ўкраіна — яна вольная, дэмакратычная, вельмі свабодная. Вы ж бачыце, наколькі яна свабодная, што цяпер я выступаю тут на адкрытай прасторы. І я вам гэтага зычу. Выжыць у гэтым, і гэта будзе ваш народ, ваша вера, ваша мова, ваша жыцьцё, ваша мастацтва, мацнейшае за любы ўрад, а ўрадаў вечных не бывае. Жыве Беларусь!», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі з 31 жніўня знаходзіцца ў США з працоўным візытам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG