Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы ўкраінец памёр пасьля жорсткага абыходжаньня з боку паліцыянтаў, — Gazeta Wyborcza


Польскія паліцыянты, ілюстрацыйнае фота

У польскім горадзе Ўроцлаве памёр 25-гадовы грамадзянін Украіны Дзьмітры Нікіфарэнка, неўзабаве пасьля таго як супрацоўнікі паліцыі затрымалі яго і даставілі ў «выцьвярэзьнік».

Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza. Як высьветлілі журналісты, паліцыянты білі загінулага перад сьмерцю, душылі і ўжывалі да яго пярцовы газ.

Выданьне піша, што інцыдэнт адбыўся 30 ліпеня. Нікіфарэнка вяртаўся дадому на гарадзкім аўтобусе. Сьцьвярджаецца, што пасьля сустрэчы зь сябрамі ён быў у стане алькагольнага ап’яненьня — у крыві ў яго нібыта было выяўлена 1,5 праміле алькаголю.

Кіроўца аўтобуса кажа, што высадзіў Нікіфарэнку на адным з прыпынкаў празь неадэкватныя паводзіны. Той нібыта біўся галавой аб акно транспарту. Кіроўца выклікаў ратавальнікаў, а тыя — паліцыю.

Як піша выданьне, паліцыянты падчас допыту сьцьвярджалі, што ўкраінец быў вельмі агрэсіўны, аказваў фізычны супраціў і кусаўся. Аднак журналісты зьвяртаюць увагу на тое, што ў матэрыялах справы няма дадзеных з нагрудных камэраў супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Камэры былі адключаныя пасьля затрыманьня Нікіфарэнкі, хоць да гэтага яны запісвалі ўвесь дзень.

Аднак камэры зноў пачалі запісваць, калі ўкраінца даставілі ў выцьвярэзьнік. Як піша Gazeta Wyborcza, на відэа відаць, што затрыманы скаваны кайданкамі, а на твары ў яго ёсьць характэрныя сьляды ад пярцовага газу.

Далей выданьне паведамляе, што пакуль Нікіфарэнку афармлялі ў санітарна-мэдычнай установе, на працягу прыкладна гадзіны да яго ўжывалі празьмерную фізычную сілу: паліцыянты і супрацоўнікі выцьвярэзьніка білі яго дубінкамі, кулакамі і нагамі, душылі на падлозе, а пазьней на ложку, куды яго перанесьлі.

Пасьля таго як мужчына перастаў падаваць прыкметы жыцьця, яго спрабавалі рэанімаваць спачатку паліцыянты і лекар у мэдустанове, а потым работнікі хуткай дапамогі, але беспасьпяхова.

Сямʼя загінулага кажа, што сьцьвярджэньні паліцыі аб агрэсіі з боку Дзьмітрыя выклікаюць зьдзіўленьне, бо ён не злоўжываў алькаголем і ніколі не паводзіў сябе падобным чынам.

Справу аб гібелі ўкраінца вядзе акруговая пракуратура ў горадзе Лодзі паводле артыкула аб ненаўмысным давядзеньні да сьмерці чалавека. Гэта пагражае зьняволеньнем на тэрмін да пяці гадоў. Чатырох паліцыянтаў адхілілі ад выкананьня службовых абавязкаў, дваіх — звольнілі са службы.

Раней траіх партугальскіх памежнікаў асудзілі на турэмныя тэрміны ад 7 да 9 гадоў за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў украінцу Ігару Гамянюку, які памёр пасьля зьбіцьця ў ізалятары аэрапорта.

40-гадовага Гамянюка затрымалі ў аэрапорце Лісабону ў сакавіку 2020 году. Працоўнай візы ў яго не было, а сесьці на зваротны рэйс ва Ўкраіну ён адмовіўся. У ізалятары партугальскія памежнікі пачалі біць затрыманага ўкраінца дубінкамі і нагамі, а пасьля пакінулі яго на падлозе камэры са скаванымі за сьпінай рукамі і зьвязанымі нагамі. Праз два дні Гамянюк задыхнуўся пасьля пералому рэбраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG