Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працытавала па-беларуску Альгерда Бахарэвіча. Пра што гаварыла Марыя Калесьнікава ў апошнім слове


Марыя Калесьнікава на мітынгу каля Дому ўраду ў Менску, 22 жніўня 2020

Пасьля 17 пасяджэньняў у закрытым рэжыме Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку 6 верасьня агучаць прысуд.

Тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, у штабе якога працавалі палітвязьні, даведаўся, пра што гаварыла ў апошнім слове Марыя Калесьнікава — праз шматлікія абмежаваньні пачуць ейную прамову маглі хіба міліцыянты з канвою, адвакат, пракурор ды судзьдзя.

Адзначаецца, што яна пачала сваю прамову па-беларуску, працытаваўшы ўрывак з твора папулярнага пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча, які ёй даслалі ў лісьце салідарныя беларусы. Выказала перакананасьць, што працэс над ёй і Максімам Знакам — гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе рашэньне.

Таксама гаварыла Марыя Калесьнікава пра маральны выбар, сумленьне, павагу і любоў да людзей. І зь якой бы афарбоўкай на дзяржаўнай тэлевізіі не гучала слова «дэмакратыя», нельга ігнараваць тое, што напісана пра Беларусь у Асноўным законе.

Апавядала пра каштоўнасьці свае і штабу ўжо зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Паводле абаронцы, Марыю некалькі разоў перабівалі, суд лічыў, што ейныя выказваньні ня тычацца абставінаў справы. Тым ня менш яна выказала ўсё, што хацела.

А ў канцы падзякавала ўсім адвакатам, пазбаўленым права на прафэсію ў ходзе працэсу, і скончыла апошняе слова выступам пра веру ў будучыню Беларусі.

Вырак у справе прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака агучаць 6 верасьня апоўдні ў судзе Менскага раёну (Менск, вул. Маякоўскага, 119а). Гэта будзе адзіная публічная частка працэсу.

Суд пачаўся 4 жніўня і прыходзіць у закрытым рэжыме. Фігуранты справы пад вартай ад верасьня 2020 году. Вылучаныя супраць іх абвінавачваньні наступныя:

  • заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь
  • змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім.

Абаім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі, столькі і запатрабаваў пракурор.

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака палітычнымі вязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG