Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ сарваў пастаўкі аўтобусаў у Кіеў. Гарадзкія ўлады праз суд дамагаюцца кампэнсацыі


Аўтобус МАЗ на прыпынку ў Кіеве, сакавік 2020 году

Камунальнае прадпрыемства «Київпастранс» зьвярнулася ў Гаспадарчы суд Кіеву з пазовам супраць пастаўшчыка беларускіх аўтобусаў Менскага аўтамабільнага заводу за зрыў тэрмінаў пастаўкі транспарту.

У кастрычніку 2020 году Кіеўская гарадзкая дзяржаўная адміністрацыя паведаміла аб набыцьці ў лізінг 200 аўтобусаў МАЗ. Паводле лізінгавага дагавору, усе аўтобусы Кіеў мусіў атрымаць да канца 2020 году, але гэтыя тэрміны былі сарваныя беларускім вытворцам.

Як паведамілі Свабодзе ў адказ на афіцыйны запыт, да канца году Кіеў атрымаў толькі 147 аўтобусаў, а астатнія 53 паставілі ў пачатку 2021 году.

Пастаўку транспарту ажыцьцяўляла зарэгістраваная ў Кіеве аўтамабільная кампанія «Укравтоторг», бэнэфіцыярнай уласьніцай якой зьяўляецца грамадзянка Кіпру. Цяпер менавіта гэтая кампанія мусіць сплаціць штрафныя санкцыі, выстаўленыя кіеўскімі ўладамі за зрыў тэрмінаў выкананьня дагавору.

«За нясвоечасовую пастаўку 53 аўтобусаў прадпрыемства „Київпастранс“ налічыла штрафныя санкцыі ў памеры 14 мільёнаў 305 тысяч 976 грыўняў (больш як паўмільёна даляраў у эквіваленце. — РС)», — адзначыў выканаўца абавязкаў намесьніка генэральнага дырэктара прадпрыемства «Київпастранс» Паўло Кірылюк.

Цяпер гэтую справу разглядае Гаспадарчы суд Кіеву. Наступнае пасяджэньне прызначана на 22 верасьня.

У той жа час на прадпрыемстве «Київпастранс» адмовіліся адказваць на пытаньне, ці выконвае беларускі бок абавязаньні паводле дамовы фінансавага лізінгу аб кампэнсацыі адсоткаў за крэдыт, выдаткаваны ўкраінскім «Укргазбанкам» на набыцьцё аўтобусаў Менскага аўтамабільнага заводу.

У сярэдзіне жніўня стала вядома, што Міністэрства фінансаў Беларусі не пералічыла 1 988 703 грыўняў (звыш 70 тысяч даляраў у эквіваленце) кампэнсацыі Крамянчуцкаму аўтатранспартнаму прадпрыемству за набыцьцё 10 аўтобусаў МАЗ на ўмовах фінансавага лізінгу праз «Укргазбанк». У выніку банк вымушаны быў рэструктурызаваць даўгі ў абслугоўваньні крэдыту, а гарадзкія ўлады ажыцьцяўляць гэтыя выплаты зь мясцовага бюджэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG