Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская Cummins спыніла супрацоўніцтва зь БелАЗам. Якія яшчэ кампаніі заблякавалі кантакты з заводам пасьля санкцыяў


Амэрыканская кампанія Cummins, адзін з пастаўшчыкоў рухавікоў на БелАЗ, пацьвердзіла Прафэсійнаму згуртаваньню беларусаў у Вялікай Брытаніі (PUBB), што не адпраўляе прадукцыю беларускаму прадпрыемству і яго дылерам.

Пасьля нядаўняга разрыву з Rolls-Royce для некаторых мадэляў у БелАЗу, па сутнасьці, не заставалася альтэрнатывы прадукцыі Cummins, бо дзьве гэтыя кампаніі — асноўныя пастаўшчыкі сілавых установак для БелАЗаў.

Яшчэ ў чэрвені БелАЗ паведамляў пра пляны закупіць 12 рухавікоў Cummins агульным коштам 4,8 млн даляраў.

Гэтым летам аб поўным спыненьні супрацоўніцтва зь БелАЗам абвясьціў Rolls-Royce. Раней пастаўкі ішлі празь іх нямецкую даччыную кампанію «MTU Friedrichshafen GmbH».

«Мы сур'ёзна ставімся да ўсіх кантактаў і праводзім расьсьледаваньні ў адпаведнасьці з нашымі працэдурамі. Па завяршэньні нашага расьсьледаваньня Rolls Royce прыняла меры ў адпаведнасьці са сваім кодэксам паводзін, карпаратыўнымі каштоўнасьцямі і юрыдычнымі абавязаньнямі. Такім чынам, у адпаведнасьці зь нядаўнімі санкцыямі ЭЗ, уведзенымі ў дачыненьні да «БелАЗу», з 22 чэрвеня 2021 году «Rolls Royce» спыніў усе апэрацыі зь «БелАЗам» і любымі кліентамі, якія належаць або часткова належаць «БелАЗу»», — паведаміла кампанія «Rolls Royce» прафэсійнаму Саюзу беларусаў у Вялікай Брытаніі (PUBB).

Раней сёлета ад супрацоўніцтва зь БелАЗам адмовіліся сусьветныя кампаніі Becker Group, Liebherr і Danfoss.

Нямецкая Becker Group, у прыватнасьці, заявіла, што «пасьля ўвядзеньня санкцый ЭЗ у дачыненьні да БелАЗу Becker Group спыніла ўсе апэрацыі зь БелАЗам з 9 ліпеня 2021 году». Кампанія пастаўляла фарбу для БелАЗу празь фінскага дыстрыбутара Geramatic OY.

Дацкая група Danfoss паведаміла, што «спыніла бізнэс, які не адпавядае правілам санкцыяў». Яна пастаўляла на БелАЗ аўтаматыку — у прыватнасьці, помпы.

Іншы нямецкі канцэрн, Liebherr, які раней пастаўляў станкі і іншае абсталяваньне для БелАЗу, таксама пацьвердзіў, што ягоная «палітыка (заключаецца) у захаваньні нормаў і правілаў».

На пачатку ліпеня Міжнародная горна-мэталюргічная група кампаній «Мэтінвест» заявіла, што адправіла ў Эўракамісію запыт з просьбай даць тлумачэньні наконт магчымасьці закупаў у БелАЗу, які падпаў пад санкцыі. Пры гэтым генэральны дырэктар «Мэтінвэсту» Юры Рыжанкоў сказаў журналістам, што кампаніі, праўдападобна, давядзецца перайсьці на іншую тэхніку, дадаўшы, што «тэхнікі ў сьвеце хапае, будзем глядзець».

Пазьней крывароскі горна-мэталюргічны камбінат «ArcelorMittal» паведаміў, што прыпыняе закупы ў БелАЗу і адпраўляе гэтае пытаньне на аналіз у свой юрыдычны аддзел. Генэральны дырэктар АМКР Маўра Лянгабарда падкрэсьліў, што ўласьнік АМКР — «ArcelorMittal Нямеччына», «гэта значыць, акцыянэры — таксама эўрапейцы, і мы гэтыя санкцыі павінны яшчэ больш выконваць, чым астатнія», — сказаў ён.

  • БелАЗ — адзін з галоўных вытворцаў кар'ерных самазвалаў у сьвеце. Апошнім часам гэтую нішу спрабуе заняць КАМАЗ — нядаўна завод паказаў карʼерны самазвал «Геркулес».

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG