Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пацьвердзіў, што прэм’еры падпішуць інтэграцыйныя праграмы. Магчыма


Лукашэнка выступае ў бабруйскай школе №35

Выступаючы сёньня ў школе № 35 у Бабруйску, Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў пляны, што прэмʼеры Беларусі і Расеі 10-11 верасьня падпішуць новыя інтэграцыйныя праграмы.

Учора пра гэта паведаміў амбасадар Беларусі ў РФ Уладзімер Сямашка.

Сёньня Лукашэнка заявіў:

«Перш за ўсё хачу падкрэсьліць (цяпер жа будуць вякаць, што здаём сувэрэнітэт і незалежнасьць і гэтак далей): мы больш за тры гады таму, яшчэ ў Сочы, паставілі перад урадамі задачу зрабіць чарговы крок у нашым саюзным будаўнiцтве», – цытуе яго БЕЛТА.

Затым Лукашэнка нагадаў, што пасьля гэтага ва ўрадах былі выпрацаваныя больш за 30 так званых «дарожных мапаў». Яны тычыліся разьвіцьця супрацоўніцтва па розных напрамках. З часам гэтыя «дарожныя мапы» ператварыліся ў саюзныя праграмы, іх засталося 28. «Гэта ўжо будуць падпісаныя дамовы да выкананьня. Ня проста „мапы“, па якіх нехта крочыць будзе», — растлумачыў Лукашэнка.

Падпісаць іх плянуецца на Вышэйшым дзяржаўным савеце «саюзнай дзяржавы». Яго пасяджэньне мяркуецца правесьці ў кастрычніку-лістападзе. «Калі мы дамовімся канчаткова з прэзыдэнтам Расеі 9-га, то 10-11-га ўрады зьбяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацьвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце», — паведаміў Лукашэнка.

Што было раней

  • 31 жніўня пра падпісаньне «дарожных мапаў» інтэграцыі падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву заявіў амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка.
  • «Мы, дзякуй Богу, праз тры гады знаходзімся на фінішы, калі з 28 мапаў засталася адна. Апошнюю, я думаю, мы 7-га дацісьнем, і ўжо 9-га прэзыдэнты сустракаюцца ў Маскве, дзе будуць падпісаныя ўсе дарожныя мапы і мапы разьвіцьця паглыбленьня інтэграцыі», — сказаў ён на сустрэчы з губэрнатарам Варонескай вобласьці.
  • Учора ж амбасада Беларусі ў Расеі ўдакладніла словы свайго кіраўніка: «У сувязі зь не зусім карэктнай інтэрпрэтацыяй шэрагам СМІ словаў амбасадара Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашкі... амбасада яшчэ раз удакладняе, што сумесная праца бакоў над саюзнымі праграмамі інтэграцыі працягваецца ў канструктыўным ключы. Яе вынікі будуць даложаныя кіраўнікам дзяржаў, якія абмяркуюць іх падчас асабістай сустрэчы 9 верасьня ў Маскве і прымуць рашэньне па далейшых кроках», — падкрэсьлілі ў амбасадзе.
  • 9 жніўня Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея адмовіліся ад 31-й «дарожнай мапы» аб палітычнай інтэграцыі з ініцыятывы прэзыдэнта Расеі.

  • Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца ў Маскве 9 верасьня. Раней агенцтва БелТА паведамляла, што падчас гэтай сустрэчы яны яшчэ раз абмяркуюць саюзныя праграмы, падрыхтаваныя ўрадамі дзьвюх краін.
  • У траўні Ўладзімер Сямашка расказаў, што маецца на ўвазе па «дарожнымі мапамі».
  • «Гэта плян дзеяньняў, кірункаў — адзіная прамысловая і аграрная палітыка, адзіны рынак нафты, газу, электраэнергіі і г. д. Агулам — 28 кірункаў. І да кожнага трэба падвесьці заканадаўчую базу — і ў Беларусі, і ў Расеі. Іншымі словамі, напружаная праца з фармаваньнем нарматыўнай базы. Гэта зойме мінімум паўгода», — растлумачыў Уладзімер Сямашка.
  • Паводле амбасадара, некаторыя дарожныя мапы маюць на ўвазе падпісаньне не аднаго міжурадавага пагадненьня, а цэлага пакету дакумэнтаў. Самая складаная задача — уніфікацыя падатковага і мытнага заканадаўстваў, на што можа спатрэбіцца 2-2,5 года.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG