Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атака на нацыянальныя меншасьці — самае паскуднае, што можа дзяржава зрабіць». Як сустрэлі адмену моўных іспытаў у нацыянальных школах


У польскамоўнай школе ў Ваўкавыску, архіўнае фота

Раней у школах, дзе навучаньне вядзецца на літоўскай ці польскай мовах, дзеці здавалі іспыт па мове сваёй нацыянальнай меншасьці. Гэта рабілася на дадатак да экзамэнаў па асноўных прадметах. Цяпер такія іспыты па мовах адмянілі. Выслухалі ўсе «за» і «супраць».

Міністэрства адукацыі прыняло пастанову № 170, якая набывае моц з 1 верасьня.

Атрымліваецца, што асноўны прадмет — родная мова, дзеля якога бацькі і аддалі сваіх дзяцей у адмысловыя школы, — становіцца неабавязковым.

«Усё робіцца мэтанакіравана: каб дзеці горш засвоілі літоўскую мову і не імкнуліся зьяжджаць»

У Беларусі ёсьць дзьве школы зь літоўскай мовай навучаньня, абедзьве на Гарадзеншчыне — у Пелясе́ Воранаўскага раёну і ў Рымдзю́нах Астравецкага.

Фундатар школы ў Пелясе — Міністэрства адукацыі, асьветы і спорту Літвы. У школе каля 100 вучняў з прылеглых раёнаў.

А літоўская школа ў Рымдзюнах фінансуецца зь беларускага бюджэту і працуе па праграмах Міністэрства адукацыі Беларусі. Летась у школе зь літоўскай мовай навучаньня было 63 вучні. На выпускных іспытах у 9 і 11 клясах у абедзьвюх школах заўсёды першым іспытам 25-26 траўня была менавіта літоўская мова.

Атрымаць камэнтары ў кіраўніцтва саміх школ не ўдалося: афіцыйны дакумэнт зь Мінадукацыі яшчэ не прыйшоў, настаўнікі самі даведаліся пра гэта з навінаў.

А вось бацькі выпускнікоў новаўвядзеньне абмяркоўваюць. Бо многія бацькі менавіта дзеля адукацыі на роднай мове вымушаны альбо кожны дзень вазіць дзяцей зь іншых рэгіёнаў, альбо пакідаць іх у інтэрнатах пры школах.

Маці навучэнкі адной зь літоўскіх школ расказвае, як спачатку дзяўчынку кожны дзень прывозілі зь іншага раёну за 60 кілямэтраў, потым дачка вымушана была вельмі рана стаць самастойнай, бо заставалася на цэлы вучэбны тыдзень у інтэрнаце пры школе.

«Мы ж не ў сталіцы жывём: калі не задавальняе адна школа — аддаў дзіця ў суседнюю. Вы не ўяўляеце, як цяжка было і нам, бацькам, пакідаць малую ў інтэрнаце!

Мы самі ведаем літоўскую, размаўляем. Але ж патрэбна і граматыка, і добрая лексыка. І дзеля гэтага, каб дачка атрымала адукацыю на літоўскай мове, аддалі яе ў літоўскую школу і пайшлі на побытавыя цяжкасьці», — уздыхае Тэрэса.

Яна сама настаўніца. На думку пэдагога, калі ў выпускной клясе ёсьць іспыт — дзеці больш адказна ставіцца да прадмета.

«На мой погляд, у школе, куды мы сьвядома аддалі дачку, менавіта літоўская мова галоўная. Дзеля таго, каб дачка дасканала ёю авалодала, мы пагадзіліся на цяжкасьці і нязручнасьці. Я спадзяюся, што мая дачка разумее гэта і будзе, як той казаў, „грызьці граніт навукі“. Бо яна даўно вызначылася, што паступаць будзе ў Вільню.

Аднак я лічу, што ўсё робіцца мэтанакіравана: зьмяншэньне колькасьці ўрокаў, адмена іспытаў, — каб дзеці горш засвойвалі літоўскую мову і не імкнуліся зьяжджаць, а заставаліся тут», — кажа Тэрэса.

«Улада павінна сама сябе зьмяніць, перш чым рэфармаваць сыстэму адукацыі нацыянальных меншасьцяў»

У Беларусі дзьве школы з польскай мовай навучаньня — 8-я сярэдняя школа ў Ваўкавыску і 36-я ў Горадні. Абедзьве працуюць па дзяржаўных праграмах, падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі Беларусі. У заходніх рэгіёнах ёсьць і шмат нядзельных школ, моўных курсаў пры грамадзкіх арганізацыях, пры касьцёлах, — польская мова вельмі запатрабаваная.

Журналіст Зьміцер Косьцін 13 гадоў таму зьехаў зь Беларусі і працуе на радыё ў Беластоку. Ён добра ведае праблемы адукацыі на польскай мове ў Горадні і праблемы беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што дзейнасьць польскіх школ на Горадзеншчыне, як і беларускіх на Беласточчыне, рэгулюецца ня толькі мясцовым заканадаўствам, але і міждзяржаўным пагадненьнем паміж Беларусьсю і Польшчай яшчэ з пачатку 1990-х гадоў.

Зьміцер Косьцін
Зьміцер Косьцін

«Атака на меншасьці — гэта самае паскуднае, што можа дзяржава зрабіць, бо меншасьці заўсёды ў складанай сытуацыі і патрабуюць падтрымкі.

Прыклад Польшчы паказвае, што дзяржава адкрытая да любых формаў адукацыі на мове нацыянальных меншасьцей. Якія гэта формы, залежыць не ад дзяржавы — не яна вызначае, ці будзе гэта проста дадатковы прадмет на мове, ці паўнавартасная школа з прадметамі на мове. Гэта вырашаюць бацькі. У Польшчы для вывучэньня мовы нацыянальнай меншасьці дастаткова, каб былі заявы 7 бацькоў з клясы ці з паралелі. Дзяржава, са свайго боку, адразу прызначае падвойнае фінансаваньне на кожнага такога вучня, які вывучае мову нацыянальнай меншасьці. Органы самакіраваньня тут, на Беласточчыне, заахвочваюць бацькоў, каб тыя запісвалі дзяцей на беларускую мову, бо зацікаўленыя ў дадатковым фінансаваньні», — тлумачыць Зьміцер Косьцін, як польскія ўлады ставяцца да праблем нацыянальных меншасьцяў.

Што да пастаяннага скарачэньня гадзін на вывучэньне мовы, адмены іспытаў па літоўскай і польскай мовах, то гэта чарговая спроба беларускіх уладаў затрымаць моладзь з гэтых нацыянальных меншасьцяў у Беларусі, мяркуе журналіст.

«Адмена іспытаў, розныя спробы зьмяншэньня долі мовы меншасьцяў, прыніжэньня маюць адваротны эфэкт — зьявяцца іншыя формы адукацыі. І гэтую плынь выпускнікоў школ, якія зьяжджаюць за мяжу вучыцца, спыняць толькі зьмены ў самой Беларусі. Улада павінна сама сябе зьмяніць, перш чым рэфармаваць сыстэму адукацыі нацыянальных меншасьцяў», — перакананы Зьміцер Косьцін.

На яго думку, у сытуацыю з адменай выпускных іспытаў умяшацца могуць і бацькі дзетак.

«Цяжка сабе ўявіць, каб падобным чынам паставіліся ў Польшчы да бацькоў вучняў, якія аддалі дзяцей у пэўную школу. Мне падаецца, што ўплываць могуць і бацькі (яны, канечне, ня могуць умешвацца ў праграму навучаньня, для гэтага ёсьць адмыслоўцы). Аднак мова — гэта ж асноўны прадмет, дзеля якога яны і аддалі дзетак менавіта ў гэтыя школы», — заўважае прадстаўнік беларускай дыяспары ў Беластоку журналіст Зьміцер Косьцін.

«Галоўнае — матывацыя на атрыманьне ведаў самога выпускніка»

Ганна — былая настаўніца школы з польскай мовай навучаньня, цяпер працуе рэпэтытарам польскай мовы. Яна перакананая, што адмена іспытаў па мовах нацыянальных меншасьцяў — гэта не катастрофа. І кажа, што дзяржава заўсёды ўмешвалася ў працу школ з польскай мовай навучаньня.

«Заўсёды Мінадукацыі настойвала, каб праграма навучаньня ў польскіх школах цалкам адпавядала праграме беларускай школы. Бо ад самага пачатку стварэньня так званых „польскіх школ“ праграма навучаньня ў іх была набліжаная да польскай мадэлі. І раней у школах паступова скарачалі колькасьць гадзін на мову і літаратуру. Нас пастаянна крытыкавалі і за сьвяты і традыцыі, нават за „Стаднёўку“ ці Дзень сьвятога Валянціна. Так што мяне зусім ня дзівіць, што цяпер адмянілі іспыты па асноўнай мове», — кажа Ганна.

З уласнага досьведу працы Ганна ведае, што і ў польскай школе ня так шмат дзяцей, матываваных на вывучэньне мовы, бо ў першай клясе ня дзеці выбіраюць, у якую школу пайсьці, а іх бацькі.

«Канечне, калі дзіця зь першай клясы вучыцца на польскай мове, мяркуецца, што да 11-й клясы яно павінна дасканала засвоіць мову, так званы ўзровень В1. Гэта азначае, што дзіця павінна выдатна ведаць граматыку і добра валодаць лексыкай. Аднак насамрэч такіх дзяцей ня так шмат. Адзінкі адпавядаюць гэтаму ўзроўню.

Усё залежыць ад матывацыі. Калі дзіця матываванае паступіць вучыцца ў Польшчу і бацькі яго падтрымліваюць — яно будзе вучыць мову незалежна ад таго, ёсьць выпускны іспыт ці не», — перакананая Ганна.

Яна тлумачыць, што раней дзеці, якія паступалі ў польскія навучальныя ўстановы, пісалі гуманітарныя тэсты ў сваіх краінах, і па выніках гэтых тэстаў іх прымалі на вучобу.

«Але калі пачалася хваля міграцыі ўкраінцаў, якія пачалі падрабляць сэртыфікаты, а потым студэнты не цягнулі, іх выключалі, пачаліся скандалы зь вяртаньнем платы за вучобу, палякі зьмянілі правілы.

Цяпер унівэрсытэты ўвялі абавязковы экзамэн онлайн, абмежаваны па часе, і адразу бачна, які ўзровень валоданьня мовай у абітурыента. Так што ўнутраны іспыт па польскай мове ў школе, магчыма, і дысцыплінуе, стымулюе вучня, аднак для паступленьня ў польскія ВНУ асаблівай ролі ён цяпер не адыгрывае. Галоўнае — матывацыя на атрыманьне ведаў самога выпускніка», — перакананая выкладчыца польскай мовы Ганна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG