Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Калесьнікавай і Знаку вынесуць 6 верасьня. Ім пагражае да 12 гадоў турмы

абноўлена

Марыя Калесьнікава ў судовай клетцы, за ёй Максім Знак

Палітзьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку пагражае 12 гадоў зьняволеньня — столькі прадугледжвае крымінальны артыкул, паводле якога іх перасьледуюць, у справе ўжо выступіў пракурор.

Пасьля 17 пасяджэньняў у закрытым рэжыме палітвязьням рыхтуюцца вынесьці прысуд. Яго агучаць публічна 6 верасьня а 12:00, паведаміў тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, у штабе якога працавалі палітвязьні.

Адвакат Калесьнікавай Уладзімер Пыльчанка расказаў афіцыйнаму сайту штабу пра тое, што адбываецца за зачыненымі дзьвярыма ў судзе.

У такіх акалічнасьцях адвакат ня мог расказаць усіх дэталяў справы. Аднак паведаміў, што «абароне так і ня стаў зразумелым у дастатковай ступені ні плян, ні мэханізм захопу ўлады, пра які гаворыцца ў абвінавачаньні».

«Калі довады абвінавачаньня не падмацаваныя дапушчальнымі, сапраўднымі і дастатковымі ў сваёй сукупнасьці доказамі, гэта дазваляе сьцьвярджаць як мінімум пра недаказанасьць дзеі, калі не пра адсутнасьць такой наогул».

Таксама Пыльчанка дадаў, што за ўвесь час разбору не пабачыў ніводнай падставы рабіць суд закрытым.

У справе 41 том, па 250-280 старонак у кожным. На памяці Пыльчанкі гэта самы хуткі суд у ягонай практыцы. Адвакат не сумняваецца, што ягоная падабаронная Марыя Калесьнікава ні ў чым не вінаватая, пра Максіма Знака таксама не сабрана ніякіх істотных доказаў віны.

Максім Знак выступаў з апошнім словам амаль тры гадзіны

Адвакат Уладзімер Пыльчанка паведаміў, што Марыя Калесьнікава і Максім Знак выступілі з апошнім словам.

«Вельмі годныя выступленьні. Максім больш выказваўся па юрыдычнай частцы, у Марыі выступленьне было ў большай меры эмацыйным. Яна апавядала пра каштоўнасьці свае і каштоўнасьці штабу Бабарыкі. Марыю перабівалі некалькі разоў, бо суд палічыў, што ейныя тлумачэньні ня тычыліся абставінаў справы. Тым ня менш, Марыя выказала ўсё, што хацела сказаць. Максіма не перабівалі. Максім выступаў каля трох гадзін», — цытуе Пыльчанку тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG