Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як жа ж горача я люблю цябе, мама». Што піша зь СІЗА Дзяніс Івашын, які выкрываў бэркутаўцаў


Дзяніс Івашын

Маці журналіста Дзяніса Івашына Людміла Мікалаеўна пасьля доўгага перапынку атрымала ад сына ліст, дзе ён піша, што сумуе па вёсцы і абяцае адпрацаваць пасьля вызваленьня хатнія працы.

Дзяніс Івашын — журналіст-расьсьледавальнік з Горадні, пад вартай ужо амаль паўгода.

Ён напісаў дадому ліст 4 жніўня, але той дайшоў амаль празь месяц — 28 чысла, хоць гарадзенец сядзіць у турме роднага гораду. Ліставаньне са зьняволеным вельмі слабое, лісты амаль не даходзяць ні ў турму Івашыну, ні ад яго. Кіраўніцтва ж турмы неаднойчы запэўнівала сваякоў Івашына, што ўсе лісты перадаюць па адрасе своечасова.

Прыводзім фрагмэнт зь ліста журналіста да маці. Як звычайна, ліст напісаны на тарашкевіцы.

«Прывіт, мая Матулечка!

Ужо надышоў жнівень — апошні месяц лета, якое мы праводзім у вымушаным расстаньні. Час даводзіць нам сваю хуткаплыннасьць, што мае безумоўны пазытыўны чыньнік для нас — набліжае хвіліну нашага ўзьяднаньня...

У гэтым вымушаным расстаньні яшчэ больш разумееш, наколькі вы для мяне ўсе важныя: як жа ж горача я люблю цябе, мама, і празьмерна пакутую праз страту часу, гэтых ужо амаль пяці (цяпер ужо амаль шасьці. — РС) месяцаў, цягам якіх я не магу быць з табою, бачыць цябе, чуць, рабіць з табою наш улюбёны прамэнад па маёнтку і вёсцы.

Проста пасядзець разам з табою ў цішы нашага саду, у альтанцы, пяшчотна абвітай вінаграднымі гронкамі. Насаладзіцца разам з табою дабрабытам і ўтульнасьцю нашага Дому за адным сямейным сталом.

Дужа шкадую, што не магу дапамагчы табе ў гаспадарцы, асабліва ведаючы абсяг працаў, якія ледзьве ня ўвесь час трэба выконваць. Нічога, буду адпрацоўваць вам потым у падвойным аб’ёме (калі не ў патройным:-) ). Складай сьпіс задачаў для выкананьня».

Справа Івашына. Галоўнае

Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкула («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).

Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».

Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.

Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.

У траўні ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.

Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць. Пасьля таго як ён выйшаў з карцару ў чэрвені, стала вядома, што ў яго там здарыўся сардэчны прыступ. Выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG