Басманны раённы суд Масквы задаволіў хадайніцтва Сьледчага камітэту Расеі аб завочным арышце Сяргея Кароткіх, вядомага ў Беларусі сваім удзелам у беларускім аддзяленьні арганізацыі РНЕ (Расейскае нацыянальнае адзінства), а пазьней — ва ўкраінскім добраахвотніцкім батальёне «Азоў», створаным у 2014 годзе для абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
Сяргею Кароткіх інкрымінуюць артыкул «Забойства дзьвюх або больш асобаў, учыненае групай паводле папярэдняй змовы або арганізаванай групай, з матываў палітычнай, ідэалягічнай, расавай, нацыянальнай або рэлігійнай нянавісьці ў дачыненьні да якой-небудзь сацыяльнай групы».
Іншых дэталяў справы не ўдакладняюць, а адпаведную пастанову аб арышце, як адзначаецца на сайце судоў агульнай юрысдыкцыі Масквы, публікаваць забаронена.
Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Расеі, суд можа разглядаць пытаньне аб арышце падазраванага толькі ў ягонай прысутнасьці. У той жа час расейскае заканадаўства дазваляе завочна ўхваляць рашэньне аб узяцьці пад варту ў выпадку абвяшчэньня падазраванага ў міжнародны ці міждзяржаўны вышук.
Сяргей Кароткіх назваў абвінавачаньні ў Расеі фэйкам і падкрэсьліў, што «любое незалежнае агенцтва расьсьледаваньняў усе гэтыя фэйкі раскрые „на раз“».
У 2014 годзе Сяргей Кароткіх атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Апошнім часам ягонае імя зноў зьявілася ў інфармацыйнай прасторы ў сувязі з датычнасьцю да грамадзкай арганізацыі «Беларускі дом ва Ўкраіне», фармальнага кіраўніка якога Віталя Шышова 3 жніўня знайшлі павешаным у лесапаркавай зоне на ўскраіне Кіева.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com