Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўзьбярэжжа Луізіяны абрынуўся самы магутны за 150 гадоў ураган. ФОТА


Новы Арлеан

У ЗША ўраган «Іда» абрынуўся на ўзьбярэжжа паўднёвага штату Луізіяна. Пра гэта паведамляе тэлеканал ABC News, а таксама Reuters і CNN.

Сыноптыкі характарызуюць яго як ураган чацьвёртай катэгорыі з пяці магчымых — хуткасьць ветру дасягала 240 кілямэтраў за гадзіну. Гэты паказьнік вышэйшы за хуткасьць ветру ўрагану «Катрына», які меў трэцюю катэгорыю і лічыцца самым разбуральным у гісторыі ЗША, адзначае Bloomberg.

У гэты момант ураган працягвае павольна слабець пры ўстойлівым ветры з хуткасьцю 152 кілямэтры на гадзіну, што зьяўляецца ўраганам першай катэгорыі, перадае CNN.

Улады штату сьцьвярджаюць, што цяперашні ўраган — самы магутны за апошнія больш як 150 гадоў. Губэрнатар Луізіяны Джон Бэл Эдвардс заявіў, што «Іда» стане «вялікім выпрабаваньнем для нас», перадае CNN. Паводле яго, пасьля «Катрыны» ў штаце адрамантавалі дамбы і збудавалі новыя ахоўныя будынкі, якія павінны не дапусьціць маштабнага затапленьня жылых раёнаў.

Тым ня менш улады арганізавалі маштабную эвакуацыю з раёнаў, якія апынуліся пад пагрозай. Усяго эвакуавалі дзясяткі тысяч чалавек.

З прычыны ўрагану Новы Арлеан, у якім пражываюць больш за 400 тысяч чалавек, цалкам застаўся без электрычнасьці. Усяго ў штаце Луізіяна электрычнасьці ня маюць больш як мільён чалавек, вынікае з дадзеных Power Outage. CNN паведамляе як мінімум аб адным загінулым, які, магчыма, атрымаў траўму ад падзеньня дрэва.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў ураган сьмертаносным і заявіў, што цяжкія наступствы для ўзьбярэжжа непазьбежныя — па яго словах, электразабесьпячэньне ў пацярпелых раёнах могуць аднавіць толькі празь некалькі тыдняў. Ён заявіў, што ўлады прыкладуць усе намаганьні для барацьбы з наступствамі стыхіі.

Здымак з сатэліту
Здымак з сатэліту

Ураган «Катрына» абрынуўся на бераг Луізіяны 29 жніўня 2005 году. Тады загінулі 1800 чалавек і было прычынена шкоды на суму звыш 100 мільярдаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG