Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКБ запэўнівае, што салдат у Афганістан не пашле


Станіслаў Зась у Менску, 2019 год

Апасеньні грамадзян краін-членаў АДКБ з нагоды магчымай адпраўкі салдат у Афганістан безгрунтоўныя, заявіў Генэральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась у эфіры тэлеканалу СТВ.

«Гэта абсалютна безгрунтоўныя асьцярогі. Чаму? АДКБ – гэта выключна абарончая вайскова-палітычная арганізацыя. І ў дамове калектыўнай бясьпекі, статуце нашай арганізацыі прадугледжана ўжываньне калектыўных абарончых сіл выключна ў межах зоны адказнасьці АДКБ, гэта значыць у межах нашых краін», – заявіў ён.

16 жніўня Станіслаў Зась ад імя АДКБ казаў, што ў выпадку абвастрэньня становішча на мяжы і ўзьнікненьня пагрозы бясьпецы Таджыкістану будуць прынятыя ўсе меры, якія неабходныя для аказаньня дапамогі саюзьніку.

А міністар абароны РФ генэрал арміі Сяргей Шайгу назваў слушнымі папераджальныя дзеяньні краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) на тле пагрозы з Афганістану. Міністар нагадаў, што, калі пачалі разьвівацца нэгатыўныя падзеі ў Афганістане, краіны АДКБ пачалі сумесныя вучэньні. У тым ліку Расея правяла супольныя манэўры з Таджыкістанам і Узбэкістанам на мяжы з Афганістанам. Акрамя таго, былі праведзеныя вучэньні, дзе ўдзельнікамі выступілі 3 краіны АДКБ – Таджыкістан, Узбэкістан і Расея.

Лідэры краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) 23 жніўня, правялі саміт па сытуацыі ў Афганістане. Сэсія праходзіла ў рэжыме відэаканфэрэнцыі пад старшынствам прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона. Падчас саміту Аляксандар Лукашэнка заявіў, што АДКБ варта выпрацаваць адзіную пазыцыю па Афганістану, і хоць Беларусь не мяжуе з Афганістанам, Менск будзе прытрымлівацца агульнай пазыцыі ў рамках АДКБ.

  • Дамова аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) была падпісаная 15 траўня 1992 г. у Ташкенце, ва Ўзбэкістане кіраўнікамі шасьці дзяржаваў – удзельніц СНД: Армэніі, Казахстану, Кіргізстану, Расеі, Таджыкістану і Ўзбэкістану. У верасьні 1993 году да АДКБ далучыўся Азэрбайджан, у сьнежні таго ж году краінамі-ўдзельніцамі сталі Грузія і Беларусь. Дамова ўступіла ў сілу 20 красавіка 1994 году. Яна мае на мэце забясьпечваць бясьпеку краін-удзельніц.
  • 4 лютага 2009 году ў Маскве лідэры краін АДКБ, сярод якіх і Беларусь, ухвалілі стварэньне Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня. Яны могуць выкарыстоўвацца для адбіцьця ваеннай агрэсіі, правядзеньня спэцыяльных апэрацый па барацьбе зь міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасьцю, наркатрафікам, а таксама для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG