Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежнік прыехаў зь Беларусі ў Літву на ровары з гераінам у чамадане


26 жніўня ў Літве перад судом паўстаў грамадзянін Нямеччыны, які летась зьдзівіў літоўскіх мытнікаў. Мужчына прыехаў у Мядзінінкай зь Беларусі на ровары, ён вёз за сабою чамадан на колах. У чамадане мытнікі выявілі 0,5 кг гераіну. Іншаземец запэўнівае, што ён ня ведаў, што вязе кантрабанду.

Як паведамляе delfi.lt, 55-гадовага Хрысьціяна Зэля вінавацяць у перавозцы і распаўсюдзе вялікай колькасьці наркотыкаў. Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 15 гадоў.

Зэль нарадзіўся ў Таджыкістане і зьехаў у Нямеччыну яшчэ ў маладосьці, ён зьяўляецца грамадзянінам Нямеччыны. Акрамя таго, у яго ёсьць дазвол на знаходжаньне ў Беларусі, паколькі там у яго жывуць сваякі. У судзе ён сказаў, што жыве ў Нямеччыне 30 гадоў. «Па спэцыяльнасьці я зваршчык, а працую аўтамэханікам у аўтасэрвісу», — сказаў абвінавачаны.

Літоўскія мытнікі затрымалі яго 22 кастрычніка 2020 года. Ён прыцягнуў увагу мытнікаў тым, што ехаў на ровары і цягнуў за сабой чамадан на колцах. Пад падшэўкай у чамадане мытнікі знайшлі два пакеты, у якіх агулам было 0,5 кг гераіну. Зэль увесь гэты час знаходзіўся пад арыштам, яго не адпускалі пад заклад, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы.

Зэль заявіў, што чамадан яму не належыць. 26 жніўня Зэль сваю віну не прызнаў, але даць паказаньні пагадзіўся толькі пасьля апытаньня ўсіх сьведак. Па зьвестках Delfi, мужчына падчас сьледзтва распавёў, што езьдзіў у Беларусь прадаваць сваю кватэру. Ён сказаў, што для таго, каб уехаць у краіну на машыне, ён павінен быў унесьці заклад у памеры 10 000 эўра. Зэль вырашыў не плаціць такія грошы і паехаў на ровары — пешшу нельга пераходзіць мяжу. Ён пакінуў машыну недалёка ад мяжы, паехаў у Беларусь на ровары, зрабіў усё неабходнае і паехаў назад у Літву, а адсюль ён плянаваў вярнуцца дадому ў Нямеччыну.

Зэль сказаў, што ля мяжы ён сустрэў незнаёмага мужчыну. Той сказаў, што яго не пускаюць у Літву і папрасіў Зэля перавезьці праз мяжу ягоны чамадан. Зэль нібыта праверыў чамадан, не знайшоў у ім нічога падазронага і пагадзіўся аказаць мужчыну паслугу. Потым ужо мытнікі дасталі наркотыкі, якія былі схаваныя пад падшэўкай. Суд высьветліць, ці ёсьць праўда ў вэрсіі абвінавачанага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG