Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалілі бухгальтара БелаПАН Кацярыну Боеву


Кацярына Боева, архіўнае фота

За кратамі застаюцца дырэктар і галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і былы дырэктар Дзьмітры Наважылаў

Кацярына Боева выйшла з ізалятару сёньня а 10-й гадзіне. Яна падпісала абавязальніцтва пра яўку, паведамілі Naviny.by.

Напярэдадні Сьледчы камітэт паведаміў, што распачаў крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу ў адносінах да Андрэя Аляксандрава, Дзьмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, «а таксама іншых асобаў». Паводле гэтага артыкула пагражае да 5 гадоў абмежаваньня свабоды або ад 3 да 7 гадоў зьняволеньня.

Гаворка пра нібыта ўхіленьне ад выплаты падаткаў, якое прычыніла шкоду ў буйным памеры. Паводле СК, ад чэрвеня 2018 па студзень 2021 году ў падатковую справаздачнасьць БелаПАН уносілі непраўдзівыя зьвесткі, што выклікала нявыплату ў бюджэт больш як 100 тысяч рублёў.

Дырэктар і галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, былы дырэктар Дзьмітры Наважылаў, а таксама бухгальтар Кацярына Боева былі затрыманыя 18 жніўня. Падставай для затрыманьня быў іншы артыкул Крымінальнага кодэксу — 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Сілавікі канфіскавалі сэрвэр БелаПАН. Дзейнасьць кампаніі ў Менску паралізаваная. Працу працягвае частка рэдакцыі, якая знаходзіцца за мяжой.

Журналіста Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў межах іхнай справы прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Спачатку Аляксандрава абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). 30 чэрвеня Аляксандраву выставілі новае абвінавачаньне — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG