Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» бясплатна дапаможа ахвярам катаваньняў дамагчыся правасудзьдзя паводле ўнівэрсальнай юрысдыкцыі


Сьляды на целе аднаго зь вязьняў Акрэсьціна, 14 жніўня 2020

«Абавязак перад ахвярамі катаваньняў ня дасьць нам спыніцца», — заявілі праваабаронцы.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» адрэагаваў на адмову Сьледчага камітэту пачаць крымінальную справу па фактах жорсткасьці сілавікоў да пратэстоўцаў.

Напярэдадні Сьледчы камітэт заявіў, што дзеяньні сілавікоў былі законнымі, а ў дачыненьні затрыманых не было ні катаваньняў, ні сэксуальнага зьдзеку.

«Вынікам праверачных дзеяньняў, якія доўжыліся год, стала бессаромная хлусьня і бяздарная імітацыя збору і ацэнкі доказаў», — гаворыцца ў заяве «Вясны».

«Мы памятаем уласны боль і бясьсільную лютасьць, калі да нас у офісы „Вясны“ адзін за адным прыходзілі людзі з жудаснымі сінякамі на ўсю сьпіну, рукі або сьцёгны, мы памятаем дрыготкія рукі нашых апэратараў і сьлёзы ў вачах валянтэраў, якія дакумэнтавалі катаваньні, дзень за днём, сотні гадзін болю і жаху. Дзясяткі даведак з бальніц і клінік: гематома, гематома, пералом, гематома, адкрытая рана, ЗЧМТ, гематома...», — напісалі праваабаронцы.

Яны заявілі, што перадалі сабраную інфармацыю Міжнароднай плятформе для Беларусі па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці.

«Мы пакідаем на сумленьні сьледчых тое, што імі марнаваўся час на ўстанаўленьне „кіраванага характару падачы зваротаў“ ахвярамі катаваньняў замест прыцягненьня да адказнасьці тых, хто арганізаваў кіраваную паўсюдную атаку на грамадзян уласнай краіны.

Але ня маем намеру дараваць катаваньні суграмадзян. Мы абяцаем працягнуць сваю дзейнасьць па барацьбе з катаваньнямі і не пакінем сваіх намаганьняў у падтрымцы тых, хто будзе дамагацца прыцягненьня вінаватых у злачынствах супраць чалавецтва да крымінальнай адказнасьці».

«Вясна» паабяцала бясплатную юрыдычную дапамогу

  • тым, хто захоча абскардзіць пастановы пра адмову ў завядзеньні крымінальнай справы,
  • тым, хто гатовы дамагацца прыцягненьня злачынцаў да адказнасьці ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі, знаходзячыся ў Літве.

«Абавязак перад ахвярамі катаваньняў ня дасьць нам спыніцца, нават калі нас, „Вясну“, будуць працягваць перасьледаваць памагатыя тых, хто абвясьціў вайну свайму народу», — гаворыцца ў заяве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG