Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем супрацоўнікаў паліцыі Капітолія падалі ў суд на Трампа


Капітолій, студзень 2021

Сем афіцэраў паліцыі Капітолія ў чацьвер падалі ў суд на былога прэзыдэнта Дональда Трампа, сьцьвярджаючы, што ён уступіў у змову з крайне правымі экстрэмісцкімі групоўкамі з мэтай справакаваць напад на будынак Кангрэса, які адбыўся 6 студзеня.

У пазове, пададзеным у фэдэральны суд Вашынгтона, гаворыцца, што напад стаў кульмінацыяй заяў Трампа, якія доўжыліся на працягу некалькіх месяцаў. Па словах афіцэраў, прэзыдэнт ведаў пра магчымасьць гвалту і актыўна заахвочваў яго ў надзеі прадухіліць зацьвярджэньне перамогі Джо Байдэна на выбарах.

У пазове сьцьвярджаецца, што Трамп уступіў у змову з экстрэмісцкімі арганізацыямі «Гордыя хлопцы» і «Захавальнікі клятвы», а таксама з ультраправымі палітычнымі дзеячамі, уключаючы Роджэра Стоўна і Алі Аляксандра.

«Трамп разам зь іншымі адказчыкамі наўмысна і настойліва вылучаў і заахвочваў ілжывыя заявы аб фальсыфікацыі выбараў, каб дыскрэдытаваць вынікі выбараў і выклікаць абурэньне сярод сваіх прыхільнікаў», — гаворыцца ў пазове.

Гэта ўжо ня першы грамадзянскі пазоў, накіраваны на тое, каб прыцягнуць Трампа да адказнасьці за аблогу Капітолія натоўпам яго прыхільнікаў.

У дзень штурму Капітолія загінулі чатыры чалавекі, а на наступны дзень памёр афіцэр, на якога напалі пратэстоўцы. Чацьвёра паліцэйскіх, якія ўдзельнічалі ў абароне Капітолія, пасьля пакончылі з сабой. Раненьні атрымалі больш за сотню супрацоўнікаў паліцыі.

Асабісты адвакат Трамп Рон Фішэці пакуль не адказаў на запыты аб камэнтарах.

Адказваючы на аналягічны пазоў, пададзены кангрэсмэнам-дэмакратам Эрыкам Суолвэлам, Трамп заявіў, што яго дзеяньні зьяўляліся праявай свабоды слова, якую гарантуе Першая папраўка да Канстытуцыі ЗША, і што ён ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці па грамадзянскай справе, паколькі дзейнічаў як прэзыдэнт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG