Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеўскай гарадзкой пракуратуры расказалі, калі аддадуць цела Віталя Шышова для пахаваньня


Акцыя памяці Віталя Шышова ў Кіеве, 3 жніўня 2021

Апэратыўныя падразьдзяленьні праваахоўных органаў Украіны на даручэньне Кіеўскай гарадзкой пракуратуры вывучаюць усе магчымыя вэрсіі гібелі прадстаўніка «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталя Шышова, якога 3 жніўня знайшлі павешаным у парку на ўскраіне Кіева.

«На гэты час агледзелі відэазапісы з камэр назіраньня, якія зафіксавалі храналёгію руху Віталя Шышова», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Кіеўскай гарадзкой пракуратуры.

Справу расьсьледуюць сьледчыя сталічнай паліцыі, а Кіеўская гарадзкая пракуратура ажыцьцяўляе працэсуальнае кіраўніцтва. У рамках расьсьледаваньня цяпер адбываюцца допыты сьведак і ідзе экспэртыза.

«Выдача цела, згодна з Крымінальным працэсуальным кодэксам Украіны, ажыцьцяўляецца толькі на падставе пісьмовага дазволу пракурора і толькі пасьля правядзеньня судова-мэдычнай экспэртызы ды вызначэньня прычыны сьмерці. Гэтая экспэртыза яшчэ не завершаная», — паведамілі ў пракуратуры.

У прэсавай службе таксама ўдакладнілі, што для поўнага і ўсебаковага вывучэньня абставінаў сьмерці Віталя Шышова прызначана яшчэ некалькі судовых экспэртыз, у тым ліку дактыляскапічная, малекулярна-генэтычная, трасалягічная, мэдыка-крыміналістычная, комплексная экспэртыза матэрыялаў, рэчываў і прадметаў, а таксама пасьмяротная псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза. «Высноваў гэтых экспэртыз пакуль ня маем».

18 жніўня прадстаўнікі «Беларускага дома ва Ўкраіне» заявілі, што ня могуць забраць для пахаваньня цела Віталя Шышова. Паводле іх, 17 жніўня, супрацоўнікі моргу спачатку нібыта запрасілі Бажэну Жолудзь забраць цела, а потым адмовілі і накіравалі ў пракуратуру.

Згодна з інструкцыяй, зацьверджанай Міністэрствам аховы здароўя Ўкраіны, правядзеньне экспэртызы мусіць завяршыцца цягам аднаго месяца з дня атрыманьня ўсіх неабходных матэрыялаў.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома?

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся.

Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларускі дом ва Ўкраіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі харчамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.

Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дома ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.

Былы міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць перадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне.

Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.

Прадстаўнік «Беларускага дома ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дома» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».

Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён ня раз заўважаў за сабой сачэньне.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.

Дзяўчына Шышова Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, прыгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG