Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭСПЧ вынес пастанову аб уцекачах на мяжы Польшчы і Латвіі


Эўрапейскі суд у правах чалавека

Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) пастанавіў, што Польшча і Латвія павінны забясьпечыць ежай, вадой, адзеньнем і мэдычнай дапамогай уцекачоў з Блізкага Ўсходу, якія затрымаліся на мяжы зь Беларусьсю. А таксама, калі магчыма, часовым жытлом.

Пастанова будзе дзейнічаць да 15 верасьня.

У судзе падкрэсьлілі, што вынесенае рашэньне ня варта расцэньваць як патрабаваньне, каб Польшча ці Латвія прапусьцілі заяўнікаў на сваю тэрыторыю.

Раней у ЭСПЧ зьвярнуліся 32 грамадзяніны Афганістану, якія знаходзяцца каля польскай мяжы, і 41 грамадзянін Іраку курдзкага паходжаньня, якія апынуліся каля латвійскай. Мігранты з Азіі плянуюць трапіць у Эўразьвяз, аднак кіраўніцтвы Польшчы і Латвіі не пускаюць іх на сваю тэрыторыю, а беларускія памежнікі не пускаюць іх назад, сілай штурхаючы ў бок мяжы.

Беларусь не зьяўляецца падпісантам Эўрапейскай канвэнцыіі правоў чалавека.

Польшча адпраўляла да афганскіх мігрантаў гуманітарны канвой, аднак улады Беларусі не прапусьцілі яго на тэрыторыю краіны. Афіцыйны Менск працягвае сьцьвярджаць пры гэтым, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы.

Памежнікі Латвіі раней зьнялі відэа, на якім відаць, як узброеныя беларускія сілавікі прымушаюць азіяцкіх мігрантаў ісьці па чыгунцы на бок Латвіі, зноў парушаючы дзяржаўную мяжу гэтай краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG