Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праблема становіцца меншай на мільярд». Ці дапамогуць беларускай эканоміцы 900 млн даляраў ад МВФ


Беларусь мае атрымаць правы больш як на 900 мільёнаў даляраў ад Міжнароднага валютнага фонду. На што могуць патраціць гэтыя грошы?

Выканаўчая дырэктарка Міжнароднага валютнага фонду Крысталіна Георгіева абвясьціла пра найбуйнейшыя ў гісторыі Спэцыяльныя правы запазычаньня (СПЗ) з боку МВФ.

Агулам іх сума складзе каля 650 мільярдаў даляраў. Беларусь мае атрымаць правы больш як на 900 мільёнаў даляраў паводле цяперашняй цаны СПЗ. Гэта рэзэрвовы і плацежны сродак, які выпускае Міжнародны валютны фонд. СПЗ маюць толькі безнаяўную форму ў выглядзе запісаў на банкаўскіх рахунках.

СПЗ былі створаныя Міжнародным валютным фондам у 1969 годзе як дадатак да іншых рэзэрвовых актываў краін-чальцоў. Гэта ня грошы ў чыстым выглядзе. СПЗ могуць выкарыстоўвацца для разьлікаў паміж Фондам і яго чальцамі. Таксама іх выкарыстоўваюць міжнародныя арганізацыі.

Атрыманыя ад МВФ грошы — гэта не крэдыт, вяртаць іх ня трэба.

Чаму Беларусі далі грошы ад МВФ

Грошы ад МВФ выдзяляюцца не асабіста кіраўніку дзяржавы, а краіне. Апэратыўна імі распараджаецца ці то Нацбанк, ці то Мінфін. Легітымнасьць Нацбанку ці Мінфіну «ніхто пад сумнеў ня ставіў». Пра гэта гаворыць фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

«Ёсьць прэцэдэнты невыдзяленьня грошай, калі ўвесь урад краіны прызнаны хунтай. Прадстаўнікі Нацбанку і Мінфіну ўдзельнічаюць у штогадовых сустрэчах МВФ, у іхнай легітымнасьці ніхто не сумняваецца. У такіх рэаліях было б дзіўна, калі б у Нацбанку ці Мінфіну забралі магчымасьць распараджацца СПЗ ад МВФ», — гаворыць Вадзім Іосуб.

Як Беларусь можа выкарыстаць гэтыя грошы

МВФ не дыктуе, на што можна траціць гэтыя грошы. Атрыманыя сродкі аўтаматычна трапляюць у золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР).

«Тэарэтычна ЗВР урад можа выкарыстоўваць як заўгодна, але ў той практыцы, якая склалася ў Беларусі, ЗВР выкарыстоўваюцца ці то на валютныя інтэрвэнцыі, калі курс беларускага рубля пад ціскам, ці то на вяртаньне замежнага доўгу. Цяпер ціску на курс няма, таму гэтыя грошы зь вялікай пэўнасьцю будуць выкарыстоўвацца на пагашэньне вонкавага доўгу», — тлумачыць Вадзім Іосуб.

Ці дапамогуць грошы ад МВФ беларускай эканоміцы

Грошы ад МВФ дапамогуць падтрымаць золатавалютныя рэзэрвы, калі СПЗ абмяняюць на іншую валюту. На мільярд скарачаецца неабходнасьць новых займаў.

«Беларусі штогод трэба пазычаць ад 2,5 да 3,5 мільярда даляраў. Гэтыя грошы ад МВФ не закрываюць усіх пытаньняў, яны нават не закрываюць пытаньня аднаго году, проста робяць праблему меншай на 1 мільярд», — кажа Вадзім Іосуб.

Па стане на ліпень гэтага году замежны доўг Беларусі — 18,5 мільярда даляраў. Гэта 29,5% ад ВУП Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG