Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без Хіжынковай, але з Васілевіч. «Менскі паўмаратон» уключылі ў праграму імпрэзаў да «дня народнага адзінства»


Менскі паўмаратон, 2016 год

Менскі паўмаратон вяртаецца пасьля гадавой каранавіруснай паўзы, адразу трапіўшы ў сьпіс мерапрыемстваў да «дня народнага адзінства» — новага сьвята, заснаванага ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Старт заплянаваны на 12 верасьня.

Празь міжнародную ізаляцыю Беларусі за сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ўдзел у форуме возьмуць у 4-5 разоў меней удзельнікаў, чым дагэтуль. Каб ашчадзіць, з архіваў вымуць леташнія мэдалі з штампоўкай «Менскі паўмаратон-2020».

Затое, паводле арганізатараў, будзе пашыраная «зорная каманда» зь ліку выбітных прадстаўнікоў спорту і грамадзкасьці.

Так, у складзе Dream team фігуруюць

  • міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук,
  • старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан,
  • старшыня Беларускай фэдэрацыі баскетболу Максім Рыжанкоў,
  • генэральны дырэктар стадыёну «Дынама» Аляксандар Бут-Гусаім,
  • старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандар Багдановіч,
  • рэктар Унівэрсытэту фізычнай культуры Сяргей Рэпкін,
  • сябра выканкаму НАК Любоў Чаркашына,
  • камэнтатарка тэлеканалу «Беларусь 5» Ганна Любянкова,
  • алімпійская прызэрка ў мастацкай гімнастыцы Ксенія Санковіч, а таксама
  • чальцы нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы на чале з рэкардсмэнкай гэтых спаборніцтваў, падпісанткай праўладнага ліста спартоўцаў Нінай Савінай.

Чакана ў складзе «каманды мары» няма апантанай папулярызатаркі менскага паўмаратону і нязьменнай удзельніцы спартовага форуму Вольгі Хіжынковай — за сваю грамадзянскую пазыцыю летась яна адседзела на Акрэсьціна і ў Жодзіне 42 сутак. Ня значыцца ў сьпісах і вядомы спартовы журналіст, бягун-аматар Сяргей Шчурко, якога летась у верасьні суд пакараў 15-суткавым арыштам за ўдзел у пратэставых акцыях.

Ад грамадзкасьці ў Dream team камандзіраваныя маладая дэпутатка палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч, гендырэктар каналу АНТ Марат Маркаў, Лукашэнкава прэс-сакратарка Натальля Эйсмант ды іншыя набліжаныя да ўлады асобы. Не выключаецца, што як мінімум у цырымоніі адкрыцьця паўдзельнічае і Аляксандар Лукашэнка.

Згодна з афіцыйнай вэрсіяй, леташні забег адмянілі ў сувязі з каранавіруснымі абмежаваньнямі. У той час краіну акурат скаланалі масавыя акцыі пратэсту супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Праз год колькасьць заражэньняў застаецца высокай, а выпадкі сьмерцяў практычна не апускаюцца ніжэй за дзясятак штодзень, аднак арганізатары мяркуюць сабраць у адным месцы блізу 10 тысяч чалавек.

Праўда, рапартуюць, што знайшлі, як засьцерагчы ўдзельнікаў ад хваробы, — усіх папросяць захоўваць масачны рэжым. Аж настолькі, што на старт бегуны мусяць выйсьці ў масках і ў іх жа пабегчы. Зьняць будзе дазволена, калі адлегласьць паміж спартоўцамі дасягне 1,5 мэтра.

З гледзішча мэдыцыны нават невялікая дыстанцыя з абмежаваным прытокам паветра недапушчальная: зьніжаецца ўзровень кіслароду, узрастае нагрузка на сэрца і лёгкія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG