Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За ўзорнае выкананьне службовых абавязкаў». Памочніца пракурора Касьянчык атрымала падзяку ад Лукашэнкі


Аліна Касьянчык, архіўнае фота

Больш за 60 прадстаўнікоў дзяржаўнай сфэры атрымалі ўзнагароды «за шматгадовую плённую працу, высокі прафэсіяналізм, значны асабісты ўнёсак у разьвіцьцё прамысловасьці, падатковай сыстэмы, пракурорскай галіны, аховы здароўя, адукацыі і мастацтва».

Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, ордэнам Пашаны ўзнагародзілі супрацоўнікаў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, Міністэрства падаткаў і збораў, прадпрыемства «Беларуськалій», трактарыстаў-машыністаў ды іншых, пералік на сайце president.gov.by.

Вялікую групу работнікаў узнагародзілі мэдалём «За працоўныя заслугі» — супрацоўнікаў прадпрыемстваў «Беларуснафта», «Беллакт», «Галаграфічная індустрыя», малочнатаварнай фэрмы «Гальшаны», Дзятлаўскай сельгастэхнікі і г. д.

У ліку ўзнагароджаных мэдалём Францішка Скарыны чалец Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, экс-міністар інфармацыі, а цяпер зноў галоўны рэдактар выдавецкага дому «Звязда» Аляксандар Карлюкевіч. У міністэрства ён перайшоў якраз з пасады галоўнага рэдактара гэтай газэты, але калі на знак пратэсту супраць фальсыфікацый прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў вялікая група журналістаў летась абвясьціла страйк, яго адправілі назад.

Лукашэнка таксама падпісаў распараджэньне, у адпаведнасьці зь якім прэзыдэнцкая падзяка аб’яўлена шэрагу пракурорскiх работнiкаў «за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананьне службовых абавязкаў, высокія паказьнікі дзеля забесьпячэньня законнасьці, умацаваньня правапарадку і барацьбы са злачыннасьцю».

У іх ліку знгачыцца старшая памочніца пракурора Фрунзэнскага раёну Менску Аліна Касьянчык і намесьнік начальніка ўпраўленьня Генпракуратуры ў наглядзе за выкананьнем заканадаўства, правоў і свабодаў грамадзян Алег Аўдзей.

23-гадовая Касьянчык у гэтым пераліку аказалася ці не найбольш публічнай асобай. Яна падтрымлівала абвінавачаньне ў справе журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх пакаралі двума гадамі калёніі кожную за стрым з «плошчы Перамен», а таксама ў справе аб надпісе «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

У сваю чаргу сама Касьянчык ня так даўно выступала ў якасьці пацярпелай у крымінальнай справе супраць жыхаркі Менску, якая папрасіла зьехаць маладую чыноўніцу са здымнай кватэры. Жанчыне прысудзілі два гады «хатняй хіміі» за «парушэньне раўнапраўя грамадзянаў».

За актыўнасьць на карысьць рэжыму сёлета ў чэрвені Касьянчык трапіла ў эўрапейскі санкцыйны сьпіс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG