Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Аляхновіч: «Залічэньне грошай ад МВФ не азначае, што рэжым Лукашэнкі зможа імі скарыстацца»


Алесь Аляхновіч

Прадстаўнік штабу Сьвятланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч пракамэнтаваў інфармацыю аб выдзяленьні Беларусі звыш 900 млн даляраў са сродкаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).

Алесь Аляхновіч растлумачыў дэталі вылучэньня грошай, якія, як асьцерагаюцца праціўнікі Лукашэнкі, пойдуць на далейшае ўзмацненьне сілавікоў.

  • Вылучэньне Спэцыяльных правоў запазычваньня (СПЗ) зьяўляецца шматбаковай дамовай, у якой удзельнічаюць усе чальцы МВФ, і гэта не зьвязана з ацэнкай сытуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах. Ні ў якім разе нельга інтэрпрэтаваць гэтае рашэньне МВФ і разьмеркаваньне СПЗ як непасрэдна гатоўнасьць фінансаваць нелегітымныя ўлады ў Беларусі альбо як якое-небудзь іх прызнаньне.
  • Факт залічэньня СПЗ на рахунак дзяржавы ў МВФ не азначае, што рэжым зможа аўтаматычна імі скарыстацца. Каб абмяняць СПЗ на вольна канвэртаваную валюту, неабходна зьвярнуцца з афіцыйным запытам у фонд. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, беларуская дыяспара, Нацыянальнае антыкрызіснае кіраўніцтва і іншыя нашы партнэры прыклалі шмат намаганьняў для таго, каб у выпадку, калі нелегітымныя ўлады зьвернуцца з такім запытам, МВФ мог бы адмовіць у падтрымцы канвэртацыі СПЗ у валюту. Гэта ў першую чаргу пытаньне легітымнасьці, а ня грошай.
  • Мы працягнем працаваць над непрызнаньнем Фондам легітымнасьці цяперашніх «уладаў» Беларусі і абмежаваньнем доступу для іх да рахунку СПЗ і правядзеньня канвэртацыі СПЗ у валюту. Гэтым пытаньнем Офіс Ціханоўскай займаўся з красавіка, працуючы на экспэртным і палітычным узроўнях. Кульмінацыяй стаў рабочы візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Вашынгтон, дзе прайшлі перамовы з сэнатарамі і кангрэсмэнамі. Іх вынікам сталі лісты прэзыдэнту ЗША і прадстаўнікам ЗША ў МВФ ад прадстаўнікоў абедзьвюх палат Кангрэсу.
  • Існуюць прэцэдэнты, калі ўрадам асобных краін быў заблякаваны доступ да іх СПЗ-рахункаў у Фондзе. Гэта адбылося з Вэнэсуэлай і зусім нядаўна з Афганістанам — з той прычыны, што легітымнасьць уладаў дадзеных дзяржаў выклікае сур’ёзныя сумневы і пытаньні ў міжнароднай супольнасьці.

Таксама Аляксей Аляхновіч паведаміў, што Офіс Ціханоўскай разам зь іншымі дэмакратычнымі сіламі і дыяспарай працягне інфармаваць Раду кіраўнікоў Фонду, выканаўчых дырэктараў Фонду, урады і міністраў фінансаў краін — чальцоў МВФ аб недапушчальнасьці канвэртацыі СПЗ у валюту пры дзейным у Беларусі рэжыме.

23 жніўня МВФ не ўключыла ў падтрымку М’янму, Афганістан і Вэнэсуэлу.

Сьвятлана Ціханоўская раней адправіла кіраўніцы МВФ Крысталіне Георгіевай і міністарцы фінансаў ЗША Джанэт Елен ліст з просьбай не выдаваць Беларусі СПЗ. Ціханоўская лічыць, што ўрад Лукашэнкі будзе выкарыстоўваць сродкі МВФ для «працягу рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці».

Што такое СПЗ?

Гэта рэзэрвовы і плацежны сродак, які выпускае Міжнародны валютны фонд. СПЗ маюць толькі безнаяўную форму ў выглядзе запісаў на банкаўскіх рахунках.

СПЗ былі створаныя Міжнародным валютным фондам у 1969 годзе як дадатак да іншых рэзэрвовых актываў краін-чальцоў. Гэта ня грошы ў чыстым выглядзе. СПЗ могуць выкарыстоўвацца для разьлікаў паміж Фондам і яго чальцамі. Таксама іх выкарыстоўваюць міжнародныя арганізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG