Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Літвы ўхваліў прапанову аб пабудове 508-кілямэтровай агароджы на мяжы зь Беларусьсю


Літоўскія вайскоўцы робяць згароду з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю

Урад Літвы на пасяджэньні 23 жніўня ўхваліў праект Міністэрства ўнутраных справаў аб 508-кілямэтровай агароджы на мяжы зь Беларусьсю.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу літоўскага Міністэрства ўнутраных спраў.

Выканаць праект даручана групе кампаніяў EPSO-G, якая знаходзіцца ў падпарадкаваньні Міністэрства энэргетыкі Літвы.

«Фізычная перашкода неабходная для адбіцьця гібрыднай атакі беларускага рэжыму супраць Літвы і ўсяго Эўразьвязу, — заявіла на пасяджэньні прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце. — Для будаваньня гэтага абʼекта дзяржаўнай важнасьці выбралі кампанію, якая мае досьвед рэалізацыі праектаў такога маштабу. Празрыстасьць і хуткасьць — галоўныя прыярытэты пры ўзьвядзеньні фізычнага барʼеру».

Згодна з праектам, вышыня мэталічнай агароджы мусіць быць сама меней 3 мэтры, яна павінна быць устойлівай да зьменлівых умоваў надворʼя. Папярэдні кошт праекту складае 152 мільёны эўра.

«Пабудаваць плот як мага хутчэй — наш прыярытэт, — заявіла кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце. — Гэта ня проста плот, гэта ахоўны мур для нас і ўсяго Эўразьвязу. Прыняты адпаведны закон, прызначаны выканаўца праекту, мы выдаткуем столькі грошай, колькі будзе трэба. Мяжу будзем уладкоўваць разам з арміяй, Саюзам стралкоў, бізнэсам. Калі спатрэбіцца, літоўскі народ дапаможа. Мы будзем абараняцца разам».

У сувязі з павелічэньнем патокаў нелегальных мігрантаў з боку Беларусі 2 ліпеня ў Літве абвясьцілі экстрэмальную сытуацыю. Паводле зьвестак Дэпартамэнту статыстыкі Літвы, з пачатку году беларуска-літоўскую мяжу незаконна перасеклі больш за 4,1 тысячы чалавек (у 51 раз больш, чым за ўвесь 2020-ты), у асноўным грамадзяне Іраку.

З пачатку міграцыйнага крызісу Літва ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю. На дапамогу літоўскім памежнікам накіравалі прадстаўнікоў іншых ведамстваў, армію, акрамя таго ў краіну прыбылі супрацоўнікі Эўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex), а таксама памежных службаў Эстоніі і Аўстрыі. У якасьці адной зь мераў абароны мяжы ад парушальнікаў у Літве ўздоўж мяжы зь Беларусьсю пачалі расьцягваць загароду з калючага дроту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG