Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блукалі два тыдні па лесе, елі яблыкі і кукурузу з палёў. Праваабаронцы пагаварылі з уцекачамі, якія перайшлі беларуска-польскую мяжу


Уцекачы на беларуска-польскім памежжы

У нядзелю польскім праваабаронцам удалося сустрэць пяць уцекачоў з Блізкага Ўсходу, якія перайшлі беларуска-польскую мяжу. Польскія памежнікі спрабавалі іх вярнуць на тэрыторыю Беларусі, але тыя зноў вярнуліся ў Польшчу.

У ноч з суботы на нядзелю польская Памежная варта вывезла з аддзелу ў мясцовасьці Шудзялова на Беласточчыне восем мужчын з Афганістану, Іраку і Емэну назад на мяжу зь Беларусьсю, нягледзячы на тое, што яны прасілі ў Польшчы прытулак і маюць там сваіх упаўнаважаных, піша Gazeta Wyborcza. Уцекачоў сустрэлі непадалёк ад мяжы польскія праваабаронцы, накармілі, запісалі іх асповед і ўзялі ад іх даверанасьці.

Мужчынам ад 20 да 40 гадоў. Тры афганцы, тры іракцы і два емэнцы. Яны скардзяцца на перасьлед у сваіх краінах. Асіб з Афганістану быў салдатам, супрацоўнічаў з амэрыканскай арміяй, якая іх навучала, паказваў супольныя здымкі. Ён лічыць, што вяртаньне на радзіму пагражае яму сьмерцю. Талібы ўжо пабывалі ў ягонай сям’і. Мухамад з Емэну быў прымусова прызваны ва ўзброеныя групы.

Мужчыны доўгі час блукалі па лесе па абодвух баках мяжы, некаторыя нават па два тыдні. Елі яблыкі і кукурузу з палёў. Галодныя, зьнясіленыя і напалоханыя, яны скардзіліся на гвалт з боку польскіх і беларускіх памежнікаў. Абодвух сілай прымусілі перасекчы мяжу. Уцекачы назвалі гэта пінг-понгам.

Паводле праваабаронцаў, мужчыны былі ў кепскім стане, частка зь іх не магла хадзіць. Двух афганцаў забралі ў шпіталь. Адным са сьведкаў быў польскі дэпутат Мацей Гдуля.

— Мы сустрэлі на тэрыторыі Польшчы пяць уцекачоў. У аднаго зь іх запаленьне лёгкіх і ён ня мае сілы хадзіць. Ён атрымаў дапамогу ад лекара. У іх ёсьць упаўнаважаныя асобы ў Польшчы, і яны хочуць міжнароднай аховы ў Польшчы. Памежная варта павінна выконваць працэдуры", — сказаў палітык.

Вяртаньне ўцекачоў назад у Беларусь дазволіў адмысловым дакумэнтам міністар унутраных справаў і адміністрацыі Мацей Вонсік. Паводле выданьня Gazeta Wyborcza, пастанова міністра пярэчыць Жэнэўскай канвэнцыі, канстытуцыі і была выдадзеная з перавышэньнем паўнамоцтваў.

23 жніўня Аляксандар Лукашэнка ўсклаў адказнасьць за канфлікт на беларуска-польскай мяжы на Польшчу. Паводле яго, польскія памежнікі сілай, пагражаючы зброяй, выдаляюць уцекачоў на тэрыторыю Беларусі, прымушаючы парушаць закон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG