Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 гады таму ня стала заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая. Сёньня ягоныя калегі за кратамі, сайт адключаны


Алесь Ліпай, 2011

Алесь Ліпай — паэт, журналіст, першы карэспандэнт Радыё Свабода ў Беларусі, заснавальнік і кіраўнік недзяржаўнага агенцтва БелаПАН. Справа ягонага жыцьця, адзінае на сёньня незалежнае інфармацыйнае агенцтва Беларусі, цяпер разгромлена.

Алесь Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе на Капыльшчыне. У 1988-м, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай газэты «Лірнік». У тым жа годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.

У 1991 годзе разам зь Віталём Цыганковым стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое зь цягам часу перарасло ў найбуйнейшую недзяржаўную інфармацыйную кампанію краіны. На яго базе паўстаў аналітычны сайт Naviny.by.

Алесь Ліпай быў журналістам і паэтам, сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Выдаў тры кнігі вершаў, пісаў тэксты да песень.

Ён аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як 1000 кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках.

У чэрвені 1996 году падчас апэрацыі вызваленьня дзяцей, узятых у закладнікі ў дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы на сябе ягоную ўвагу.

Агенцтва БелаПАН было генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасьля гэтага, у чэрвені 2018 году, Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў супраць Алеся Ліпая крымінальную справу — яго абвінавацілі ў нясплаце падаходнага падатку. Справу закрылі толькі пасьля сьмерці Алеся. Ён цяжка хварэў і памёр 23 жніўня ў адной зь менскіх клінік. Яму было 52 гады.

Разгром БелаПАН

Пасьля сьмерці Алеся Ліпая выканаўцам абавязкаў дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН стаў Дзьмітры Наважылаў. У студзені 2021-га ён звольніўся на ўласнае жаданьне. БелаПАН узначаліла ягоная калега, журналістка Ірына Леўшына. Сёлета 18 жніўня яе, Дзьмітрыя Наважылава, а таксама бухгальтара Кацярыну Боеву затрымалі і зьмясьціўлі ў ізалятар на Акрэсьціна. У офісе БелаПАН, а таксама ў кватэрах супрацоўнікаў правялі ператрусы.

Як паведаміла ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску, Дзьмітрый Наважылаў, Кацярына Боева і Ірына Леўшына затрыманыя па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Таксама сьледзтва ініцыявала падатковую праверку дзейнасьці БелаПАН, «падчас якой ужо выяўлены парушэньні падатковага заканадаўства», і пасьля вызначэньня канчатковай сумы нявыплачаных у даход дзяржавы падаткаў сьледзтва дасьць прававую ацэнку дзеяньням службовых асобаў БелаПАН па арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў).

У ліпені 2021 году пасьля хвалі ператрусаў у журналістаў незалежных СМІ некалькі супрацоўнікаў БелаПАН зьехалі за мяжу.

Сайт БелаПАН адключаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG