Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночны паток-2, Крым і Данбас. Што яшчэ абмяркоўвалі на сустрэчы Мэркель і Зяленскі?


Ангела Мэркель і Ўладзімір Зяленскі на супольным брыфінгу ў Кіеве 22 жніўня 2021.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сустрэчы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель заявіў, што разглядае праект «Паўночны паток-2» як вельмі небясьпечную зброю Расеі супраць усёй Эўропы.

«Я мяркую, што гэта — зброя, і не заўважаць, што гэта небясьпечная зброя ня толькі супраць Украіны, а і для ўсёй Эўропы, — гэта няправільна. Гаварыць пра "Паўночны паток-2″ як пра эканоміку Ўкраіна дакладна ня будзе», — заявіў Зяленскі на супольным з Мэркель брыфінгу ў Кіеве.

Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што нават на цяперашняй стадыі, калі газаправод яшчэ не запрацаваў, ужо відаць, хто кантралюе цэны на газ у Эўропе. «Мы бачым, як зьмяняюцца цэны, як яны скачуць уверх. Таму яшчэ раз — гэта пытаньне палітычнае і пытаньне бясьпекі».

Паводле Ўладзіміра Зяленскага, увядзеньне ў эксплюатацыю газаправода «Паўночны паток-2» толькі павялічыць рызыкі. «Асноўныя рызыкі будзе несьці Ўкраіна», — дадаў ён.

У сваю чаргу Ангела Мэркель падкрэсьліла, што Нямеччына і США актывізуюць энэргетычную супрацу з Украінай. «Мы разумеем заклапочанасьць Украіны, і таму я ў Маскве размаўляла пра гэтую праблему, і мы вельмі дакладна казалі пра тое, што мы ў эўрапейскіх рамках выступаем за новыя санкцыі, калі Расея будзе намагацца выкарыстаць гэты газаправод у якасьці зброі», — заявіла канцлерка Нямеччыны.

Пра Данбас

Мэркель заявіла, што выступае за захаваньне фармату менскіх перамоваў для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе, але лічыць, што невыкананьне дамоўленасьцяў — сыстэмная праблема. «Расея зьяўляецца ўдзельнікам гэтага канфлікту, і таму правільна, што Ўкраіна адмаўляецца весьці перамовы з прадстаўнікамі сэпаратыстаў. І мы ўвесь час круцімся вакол гэтай праблемы, але гэта — не навіна».

Ангела Мэркель мяркуе, што далейшыя перамовы будуць няпростымі, але іх варта працягваць. «Я падтрымліваю гэты фармат, бо ім можна скарыстацца як пляцоўкай для перамоваў, хаця балянс нездавальняючы, і я пра гэта шчыра кажу».

Пра Крым

Канцлерка Нямеччыны таксама падкрэсьліла, што лічыць анэксію Крыму Расеяй парушэньнем міжнароднага права. Але яна ня зможа ўдзельнічаць у Крымскай плятформе, якая мусіць адбыцца заўтра.

Што яшчэ абмяркоўвалі

Сярод іншых тэм перамоваў — правядзеньне рэформаў ва Ўкраіне, у тым ліку і судовай, пытаньні двухбаковай супрацы, а таксама сытуацыю ў Афганістане.

Зяленскі і Мэркель не паведамілі, ці абмяркоўвалі беларускае пытаньне на сваёй сустрэчы. На брыфінгу дазволілі паставіць толькі чатыры пытаньні — па два ад нямецкага і ўкраінскага бакоў. Але ўсе яны тычыліся «Паўночаннага патоку-2», Крыму і Данбасу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG