Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны да «хіміі» лідэр гурту Gods Tower пакінуў Беларусь


Уладзіслаў Наважылаў у судзе, Гомель, 15 ліпеня

Франтмэн гурту Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў зьехаў зь Беларусі, паведаміў тэлеграм-канал by_culture. 21 чэрвеня яго асудзілі на тры гады «хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады.

Летась у час масавых пратэстаў Уладзіслаў Наважылаў пакінуў камэнтар на Youtube пад ролікам пра сустрэчу жыхароў Гомля і старшыні аблвыканкаму: «Соловей — крайне неразумный боров».

16 жніўня 2020 году жыхары Гомля «выклікалі на дыван» старшыню Гомельскага аблвыканкаму Генадзя Салаўя. Прэтэнзіі гараджан тычыліся фальсыфікацыі выбараў, масавых затрыманьняў, гвалту ў міліцыі і сьмерці Аляксандра Віхора.

Сустрэчу запісалі на відэа і выклалі ў інтэрнэт. Пад відэа зьявілася шмат нэгатыўных камэнтароў. Уладзіслаў Наважылаў не адмаўляе, што ён таксама на эмоцыях пакінуў камэнтар, але зазначыў на судзе, што ягонае выказваньне было бяскрыўдным.

«У Гомлі загінуў Аляксандар Віхор, і я хацеў ведаць, якая рэакцыя ўлады на яго гібель. Але ўцямнага адказу на пытаньні грамадзян я не пачуў. Старшыня аблвыканкаму ня даў адказаў па сутнасьці, як і ў творах Салтыкова-Шчадрына. Пасьля прагляду відэа з сустрэчы са старшынём аблвыканкаму я пакінуў камэнтар „Соловей — крайне глупый боров“. Перад гэтым я чытаў Салтыкова-Шчадрына і выказаўся так, пра „борова“, што гэта абагульнены вобраз чыноўніка. У мяне не было намеру абразіць Генадзя Салаўя. Гэта была мая думка, а не абраза. Бо калі я хачу некага абразіць, то не ўжываю літаратурных вобразаў. Увогуле, „боров“ — геральдычная фігура, якая прысутнічае на гербах анге́льскай шляхты», — тлумачыў музыка на судзе.

У апошнім слове ён зазначыў, што ад рашэньня судзьдзі залежыць лёс ягонай сям’і. Уладзіслаў Наважылаў — адзіны карміцель у сям’і, дзе двое непаўналетніх дзяцей. Сям’я жыве на найманай кватэры. «У выпадку пазбаўленьня мяне волі жонка і дзеці апынуцца на вуліцы. Калі каму цікава, што я хачу, — гэта застацца на волі», — казаў музыка.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG