Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адна з умоваў — пагашэньне стратаў у кратным памеры». Юрысты пра памілаваньне каманды «Прэс-клюбу»


19 жніўня на свабоду выйшлі чатыры фігуранты справы «Прэс-клюбу»: Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі і Пётра Слуцкі. «Прэс-клюб» паведаміў, што яны выйшлі на волю ў выніку памілаваньня. Пры гэтым ў справе яшчэ не было прысудаў. За кратамі яшчэ застаюцца экс-супрацоўнікі БТ Ксенія Луцкіна і Дзяніс Сакалоўскі.

Пацікавіліся думкамі юрыстаў Сяргея Зікрацкага і Паўла Сапелкі.

«Адна з умоваў вызваленьня — пагашэньне стратаў у кратным памеры»

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Юрыст пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка кажа, што ня можа камэнтаваць рашэньне, ня бачыўшы дакумэнтаў.

«Аднак ва ўказе Лукашэнкі ад 26 сакавіка 2021 году № 122 зьменены стары парадак, зьмяшчаецца Палажэньне аб парадку ажыцьцяўленьня ў Рэспубліцы Беларусь памілаваньня асуджаных.

Акрамя памілаваньня, прадугледжваецца „вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці асобаў, якія спрыялі раскрыцьцю і прадухіленьню наступстваў зьдзяйсьненьня злачынстваў“.

Там прыкладна такі ж парадак, што і пры памілаваньні: адна з умоваў — пагашэньне стратаў у кратным памеры.

Так, і раней вызвалялі ад адказнасьці ў працэсе расьсьледаваньня многіх. Калі ва ўчорашнім выпадку мелася на ўвазе менавіта памілаваньне — тады трэба думаць далей. Але найперш трэба вывучыць дакумэнты», — тлумачыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.

На пытаньне, што будзе зь яшчэ дваімі фігурантамі справы «Прэс-клюбу», Ксеніяй Луцкінай і Дзянісам Сакалоўскім, якія, паводле папярэдняй інфармацыі, не пісалі прашэньня аб памілаваньні, Павал Сапелка адказаў так:

«У Палажэньні прапісана: ня хочаш вызваленьня ў парадку памілаваньня — скончаць сьледзтва і накіруюць справу ў суд».

Павал Сапелка дадае, што можна напісаць прашэньне аб памілаваньні, а ўлады адмовяць.

«Пытаньне ж яшчэ ў суме, маўляў, нейкую шкоду ў шматразовым памеры можна і не пацягнуць», — мяркуе юрыст.

Вядома, што 6 студзеня сваякі фігурантаў справы «Прэс-клюбу» пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту 110 тысяч рублёў.

«Мы ня маем права супакойвацца, пакуль ня выйдзе на свабоду апошні чалавек, які за кратамі з палітычных матываў»

Юрыст Сяргей Зікрацкі, якога пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі і які цяпер працуе ў камандзе Сьвятланы Ціханоўскай, напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ў адпаведнасьці з артыкулам 96 Крымінальнага кодэксу памілаваньне ўжываецца да асобы, асуджанай за злачынства.

«Ніхто з тых, хто выйшаў учора зь СІЗА, ня быў асуджаны. Улады спачатку парушаюць закон, калі кідаюць людзей за краты, а потым зноў парушаюць яго, каб адпусьціць іх...

Другое. На раніцу 20 жніўня за кратамі застаюцца яшчэ 633 палітычныя зьняволеныя і тысячы людзей, не прызнаныя палітвязьнямі, але якія сядзяць з палітычных матываў. Мы павінны радавацца закладніку, які выходзіць на волю, але мы ня маем права супакойвацца і задавальняцца, пакуль ня выйдзе на свабоду апошні чалавек, які знаходзіцца за кратамі з палітычных матываў», — напісаў Сяргей Зікрацкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG