Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 верасьня школьнікі будуць глядзець відэа, на якім Лукашэнка заклікаў «перагарнуць старонку»


Тэлевізійная прамова Лукашэнкі, ілюстрацыйнае фота

Неўзабаве ва ўсіх школах Беларусі правядуць урок на патрыятычную тэму. Сёлета для другой ступені сярэдняй адукацыі (5-9 клясы) тэма гучыць так: «Сіла краіны ў адзінстве народу».

Нацыянальны адукацыйны партал апублікаваў плян-канспэкт першага ўроку для школьнікаў.

Зь яго вынікае, што навучэнцы 5-9 клясаў будуць глядзець 20-хвілінны выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Берасьцейскай крэпасьці сёлета 22 чэрвеня. Сярод іншага ён прапаноўваў беларусам «перагарнуць старонку».

«Нам усім, хто бачыць сьвет па-рознаму, варта ўсьвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасьць — кавалак зямлі ў цэнтры Эўропы. Іншага ня дадзена. І ў імя захаваньня яго для дзяцей давайце перагорнем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новую частку незалежнай Беларусі. Давайце будучы год зробім годам народнага адзінства. Будзем жыць сваім розумам, ствараць каштоўнасьці сваімі рукамі. Берагчы, шанаваць і любіць так, як могуць толькі беларусы — разумная, талерантная, накіраваная ў будучыню нацыя! І калі хочам „людзьмі звацца“, мы гэта зробім», — казаў ён тады.

Акрамя таго, як рэкамэндуе мэтадычка, дзеці будуць складаць воблака словаў на тэму «Народнае адзінства» і абмяркоўваць «новыя факты злачынстваў нацысцкіх карнікаў супраць мірнага насельніцтва Беларусі».

Адзначаецца, што ўрок закліканы «спрыяць фармваньню грамадзянскасьці, патрыятызму, усьведамленьня сваёй прыналежнасьці да беларускага народу, выхаваньню адказнасьці і гатоўнасьці дзейнічаць на карысьць Айчыны».

Яшчэ вучням прапануюць паразважаць пра тое, чаму паўстала неабходнасьць у Дні народнага адзінства і чаму ён будзе адзначацца 17 верасьня. Яны змогуць стварыць каляж на тэму «Тое, што нас аб’ядноўвае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG