Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні і ператрусы 20 жніўня: ня выйшла зь міліцыі пэнсіянэрка, якую вінавацяць у «абразе прэзыдэнта»

абноўлена

Берасьцейская актывістка Алена Гнаўк, архіўнае фота

Па ўсёй Беларусі не спыняецца палітычны перасьлед за грамадзянскую пазыцыю. Людзей затрымліваюць, учыняюць ператрусы і ўжываюць іншыя формы фізычнага і маральнага ўзьдзеяньня.

Выклікалі ў міліцыю і затрымалі берасьцейскую пэнсіянэрку

У Берасьці затрымалі 64-гадовую Алену Гнаўк. Як паведамляюць праваабаронцы, напярэдадні жанчыну выклікалі ў РАУС, адкуль яна ня выйшла.

Пазьней праваабаронцы паведамілі, што Алену Гнаўк вязуць у суд. Судзіць яе будуць па адміністрацыйнай справе, зьвязанай з «экстрэмізмам».

Раніцай 20 жніўня Гнаўк у Фэйсбуку паведаміла, што яе затрымалі па адміністрацыйнай справе аб «дэманстрацыі экстрэмісцкай літаратуры ў залі суду Маскоўскага раёну Берасьця». Актывістка напісала, што ў ізалятары яе двойчы будзілі ўначы.

А 13-й гадзіне Алена Гнаўк паведаміла, што справу накіравалі на дапрацоўку, а саму яе адпусьцілі.

Два тыдні таму на Алену Гнаўк завялі другую па ліку крымінальную справу. Як паведамляе берасьцейская пракуратура, актывістку абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта).

Сёлета ў траўні Алену Гнаўк асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» ў рамках «карагоднай справы» за пратэставую актыўнасьць у верасьні мінулага году.

Летась пэнсіянэрку неаднаразова затрымлівалі, прысуджалі суткі арышту і вялікія штрафы.

У жанчыны, якую раней асудзілі за смайлікі, забралі тэлефон

Супраць жыхаркі Івацэвічаў Вольгі Кронды, якую 4 жніўня пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі» за камэнтары ў адным з тэлеграм-чатаў (сярод іншага жанчыну вінавацілі ў публікацыі смайлікаў «какашка» пад допісам пра супрацоўніка міліцыі) могуць распачаць яшчэ адну крымінальную справу.

Пра гэта «Белсату» паведаміла сама Вольга. Жанчына расказала, што міліцыянты патэлэфанавалі ёй 19 жніўня і паведамілі, што мусяць дапытаць яе ў справе камэнтароў у тэлеграм-чаце «Салідарнасьць Івацэвічы».

«Я была ў банку, мне патэлефанавалі зь міліцыі і запыталіся, дзе я знаходжуся. Калі выйшла, то яны чакалі мяне, пасадзілі зь дзіцём у машыну і паехалі да мяне дамоў. Там яны забралі мой тэлефон. Я пачала патрабаваць, каб мне яго вярнулі, бо мушу патэлефанаваць адвакатцы. Але супрацоўнік пачаў штурхаць мяне, абражаць. Я не стрымалася і ўдарыла яго ў грудзі. У выніку выклікалі нарад, каб забраць мяне ў СІЗА. Але тэлефон апынуўся ў маіх руках, і я патэлефанавала адвакатцы. Дзіця спалохалася і пачало плакаць. Адвакатка пачула ўсё і пачала гаварыць на гучнай сувязі, што яны ня могуць мяне забраць, бо дачка застанецца самой. У выніку міліцыянты адмянілі выклікі. Але забралі мой тэлефон на экспэртызу», — сказала Вольга.

Жанчына кажа, што пасьля суду, калі яе прызналі вінаватай у абразе міліцыянта за смайлікі, у чаце яна напісала камэнтар, што жадае, «каб спагнаныя грошы пайшлі яму на пахаваньне».

Паводле Вольгі, міліцыянт пабачыў гэты камэнтар і напісаў новую заяву. Падчас ператрусу міліцыянты папярэдзілі жанчыну, што супраць яе могуць распачаць яшчэ адну крымінальную справу.

Вольга Кронда — адзінокая маці. За абразу міліцыянта Руслана Куцко ў жніўні яе ня толькі пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі», але і абавязалі сплаціць 2000 рублёў маральнай кампэнсацыі пацярпеламу.

Раней у Вольгі апісалі лядоўню, пральную машыну і тэлевізар.


У Берасьці затрымалі заснавальніка рэгбійнага клюбу «Унія»

Гэтую інфармацыю пацьвердзіла яго жонка, аднак ад падрабязных камэнтароў яна адмовілася, паведаміла «Наша Ніва».

Выданьне, спасылаючыся на свае крыніцы, мяркуе, што мужчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Маслакоў граў у некалькіх берасьцейскіх музычных гуртах, калісьці быў блізкі да антыфашысцкага руху. Апошнія гады ён актыўна разьвіваў рэгбі ў Беларусі, заснаваў рэгбійны клюб «Унія», які выступаў у чэмпіянаце Польшчы.

Бацька Маслакова — берасьцейскі трэнэр Георгі Дабруашвілі. Ён былы дэпутат гарадзкога савету, вядомы тым, што ў 2010 годзе прывёў на матч мясцовага «Дынама» некалькі дзясяткаў дзяцей у майках з выявай Лукашэнкі і надпісам «Наш прэзыдэнт», адзначыла «Наша Ніва».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG