Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі прыйшлі зь ператрусам у IT-кампанію SmartexLab


ПВТ, ілюстрацыйнае фота

19 жніўня адбыліся ператрусы ў берасьцейскім офісе IT-кампаніі SmartexLab, паведамляе Dev.by.

SmartexLab займаецца IT-кансультацыямі і распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня. На старонцы SmartexLab у LinkedIn напісана, што ў 2019 годзе кампанія была набытая рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгій SolbegSoft.

У кампаніі SolbegSoft працуюць каля 700 чалавек. Яна займаецца распрацоўкай праграм і кансультацыямі ў сфэры інфармацыйных тэхналёгій. Кампанія — партнэр Microsoft з кампэтэнцыяй «залатога ўзроўню» ў сфэры распрацоўкі прыкладнога праграмнага забесьпячэньня, гаворыцца на сайце Dev.by.

Сёньня ж Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ніводзін волас з прадпрымальніка, які сумленна працуе, упасьці не павінен».

«Мы ні ў якім разе не павінны ператварыць у моду — задушыць нейкага бізнэсоўца, — сказаў ён. — Гэта людзі, якія працуюць на дзяржаву і прыносяць ёй карысьць. Толькі адзінае: падаткі трэба плаціць ды людзей ня крыўдзіць», — падсумаваў Лукашэнка, дадаўшы, што адказнасьць за парушэньне падатковага заканадаўства «будзе страшная».

9 жніўня падчас «Вялікай размовы» Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў заснавальніка кампаніі ЕРАМ Аркадзя Добкіна ў фінансаваньні пратэстаў і выказаў сумнеў у празрыстасьці камэрцыйнай дзейнасьці ІТ-гіганта. Кампанія ЕРАМ уваходзіць у эліту сусьветнай ІТ-індустрыі, яе падразьдзяленьні дзейнічаюць у 40 краінах, у іх працуюць звыш 40 тысяч чалавек (у тым ліку 10 тысяч — у Беларусі).

18 траўня камітэт Дзяржкантролю паведаміў, што ў адносінах да службовых асоб ААТ «Тут Бай мэдыя» пачата крымінальная справа паводле ч.2 арт.243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Нібыта з 2019 году, калі ААТ стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгій, была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ». На што Tut.bу адказаў, што за час працы ў рамках ПВТ кампанія пасьпяхова праходзіла праверкі і аўдыты, здавала справаздачы, працавалі заўсёды празрыста. Ніякіх прэтэнзій і папярэджаньняў ад адміністрацыі Парку не атрымлівала. Кампанію выключылі з ПВТ, сайт адключылі, 15 супрацоўнікаў кампаніі ўзялі пад варту: 12 у СІЗА, 3 — пад хатнім арыштам .

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG