Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве контрарэвалюцыі з розьніцай у 30 гадоў: у чым падабенства і адрозьненьне


Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын (у цэнтры з паднятай рукой) падчас мітынгу супраць путчу 20 жніўня 1991 году ў Маскве

Путч ГКЧП, які здарыўся 30 гадоў таму (19 жніўня 1991 г.), быў клясычнай контрарэвалюцыяй. Гэта быў адказ на гарбачоўскую перабудову, спроба яе спыніць. І тут напрошваюцца відавочныя паралелі зь цяперашняй лукашэнкаўскай контрарэвалюцыяй як адказам на рэвалюцыйны выбух 2020 году.

Сьцісла

  • ГКЧП 1991 году пацярпеў паразу. А цяперашні лукашэнкаўскі ГКЧП дамогся адноснага посьпеху, пратэсты задушаныя.
  • Гарбачоўская перабудова ў СССР пачалася як «рэвалюцыя зьверху». А беларускі пратэставы выбух быў «рэвалюцыяй зьнізу».
  • Сёньня большасьць беларускага насельніцтва лічыць, што рэжым Лукашэнкі знаходзіцца на «няправільным баку гісторыі».
  • Лукашызм сілкуецца пуцінізмам.

Чаму такі розны вынік?

Вядома, што любыя гістарычныя аналёгіі ўмоўныя. Тым ня менш юбілей ГКЧП дае падставу для параўнаньня зь цяперашняй беларускай сытуацыяй.

ГКЧП пацярпеў паразу. Больш за тое, ён стаў выразным прыкладам гістарычнай падзеі, якая дала адваротны эфэкт, чым той, на які разьлічвалі змоўшчыкі. Путчысты хацелі спыніць разбурэньне камуністычнага рэжыму і савецкай імпэрыі, а ў выніку крах мяцяжу надаў гэтаму працэсу максымальнае паскарэньне.

Путчысты Барыс Пуга, Генадзь Янаеў, Алег Бакланаў
Путчысты Барыс Пуга, Генадзь Янаеў, Алег Бакланаў

Цяперашні лукашэнкаўскі ГКЧП мае адносны посьпех: пратэсты задушаныя, іх інфраструктура разбураецца, сытуацыя ўзятая пад кантроль. Працэс пераменаў ня толькі спынены; калі браць палітычную сыстэму, то краіна адкінутая ў савецкія часы, у якія забараняліся любыя недзяржаўныя арганізацыі. Чаму такі розны вынік?

Найперш варта адзначыць, што наконт перамогі лукашэнкаўскай контрарэвалюцыі рана рабіць далёкасяжныя высновы. Гарбачоўская перабудова працягвалася шэсьць гадоў, беларуская палітычная драма цягнецца толькі адзін год. Усё яшчэ наперадзе.

Важнае адрозьненьне палягае ў тым, што гарбачоўская перабудова ў СССР пачалася як «рэвалюцыя зьверху», партыйны і дзяржаўны апарат быў дырэктыўна скіраваны падтрымліваць і нават ініцыяваць перамены. А беларускі пратэставы выбух быў «рэвалюцыяй зьнізу», накіраваны супраць дзяржапарату.

Значэньне дрыжыкаў

Контрарэвалюцыя ГКЧП была клясычным мяцяжом, падчас якога прэзыдэнт дзяржавы (Міхаіл Гарбачоў) быў адхілены ад улады. У Беларусі на чале контрарэвалюцыі паўстаў на той момант (жнівень-верасень 2020-га) легітымны кіраўнік дзяржавы.

Меў значэньне суб’ектыўны чыньнік. Дрыготкія рукі кандыдата ў дыктатары, віцэ-прэзыдэнта СССР Генадзя Янаева, як і ягоная карыкатурная ў палітычным сэнсе фігура, — гэта пэўны сымбаль таго путчу. У Лукашэнкі рукі не дрыжэлі. Ён дэманстратыўна ўзяў у рукі аўтамат. 9 жніўня падчас «Вялікай размовы» Лукашэнка прызнаўся, што ў жніўні 2020-га ў яго «ніводзін мускул не здрыгануўся б» аддаць загады войску на прымяненьне сілы супраць пратэстуючага народу.

Важны таксама гістарычны момант. Калі б путч ГКЧП адбыўся раней, дзесьці ў 1989 ці 1990 годзе, то мог бы мець посьпех. А ў жніўні 1991 году крах камуністычнай ідэі быў відавочны для абсалютнай большасьці савецкага грамадзтва і намэнклятуры, у сацыялістычных краінах Усходняй Эўропы адбыліся «аксамітныя рэвалюцыі», сыстэма перажывала агонію. Таму ў вачах большасьці ГКЧП апынуўся на «няправільным баку гісторыі».

У Беларусі «рэвалюцыйны працэс» быў параўнальна непрацяглы, дзяржапарат не пасьпеў перайсьці ў стан моцнай эрозіі, рэакцыя хутка перайшла ў наступ.

Сёньня большасьць насельніцтва таксама лічыць, што рэжым Лукашэнкі знаходзіцца на «няправільным баку гісторыі» і трымаецца «на штыках». Але маналітнасьць гэтага рэжыму грунтуецца ня толькі на чыстках і саўдзеле ў палітычных рэпрэсіях.

Лукашэнка спрабуе ўпісацца ў расейскі ідэалягічны дыскурс

Ёсьць яшчэ адзін чыньнік, на які менш зьвяртаюць увагу. У ГКЧП жніўня 1991 году не было ніякага вонкавага легітымізатара іх ідэі: вяртаньне да клясычнай даперабудовачнай сацыялістычнай мадэлі. Бо СССР, Масква былі цэнтрам сусьветнага камунізму, узорам, захавальнікам ідэалягічнай артадоксіі.

У выпадку зь Беларусьсю сытуацыя трохі іншая. Кажуць, што рэжым ня мае ідэалёгіі. Гэта так. Аднак існуе вонкавы легітымізатар.

Лукашызм сілкуецца пуцінізмам. Гаворка ня толькі пра эканамічную, фінансавую, палітычную, дыпляматычную, інфармацыйную дапамогу Расеі беларускаму рэжыму. Калі Лукашэнка цьвердзіць, што гісторыя яго апраўдае, ён спрабуе ўпісацца ў расейскі ідэалягічны дыскурс. А гэты апошні грунтуецца на цывілізацыйным супрацьстаяньні вераломнаму Захаду, які нібыта дамагаецца сусьветнага панаваньня і з дапамогай сваёй дэмакратычнай ідэалёгіі і паліттэхналёгіі імкнецца разбурыць традыцыйныя славянскія каштоўнасьці. У Расеі такі дыскурс працуе. І гэта так ці інакш уплывае на беларускае чынавенства, дадаючы моцы лукашэнкаўскаму рэжыму.

Параўнаньне з Кітаем 1989 году

Думаецца, дарэчнымі будуць у пэўным сэнсе параўнаньні беларускай контрарэвалюцыі з задушэньнем антыкамуністычнай аксамітнай рэвалюцыі ў Кітаі. Там 4 чэрвеня 1989 году войскі патапілі ў крыві студэнцкую дэманстрацыю на плошчы Т'яньаньмэнь у Пэкіне. Тысячы загінулі.

Але я б зьвярнуў увагу да два важныя адрозьненьні. Па-першае, да 1989 году за сьпінаю тагачаснага кіраўніцтва КНР была гісторыя посьпеху. Ужо 10 гадоў у краіне ішлі эканамічныя рэформы, пачатыя Дэн Сяопінам. Яны пасьпелі прынесьці эфэкт, што адчула большасьць насельніцтва, узровень дабрабыту людзей павышаўся на вачах. І гэта пэўным чынам легітымізавала сілавое здушэньне выступу студэнтаў у вачах насельніцтва.

У Беларусі за апошнія 10 гадоў узровень дабрабыту ўпаў. Сярэдні заробак застыў на планцы 500 даляраў, аднак даляр за дзесяцігодзьдзе дэвальваваўся на 20%.

Па-другое, пасьля падзей 1989 году ў Кітаі не адбылася рэстаўрацыя ранейшай сыстэмы, краіна не вярнулася ў часы Мао Цзэдуна. Там працягваліся эканамічныя рэформы, якія прывялі да бурнага росквіту КНР. І таму цяперашняе кітайскае кіраўніцтва можа апэляваць да гэтага і гаварыць, што гісторыя апраўдала тагачасныя крокі лідэраў краіны.

А Лукашэнка вяртае Беларусь у часы СССР, ва ўсялякім разе што тычыцца палітычнай сыстэмы, ролі спэцслужбаў, замежнай палітыкі, ператварае дзяржаву ў краіну-ізгоя.

Тупіковасьць такога варыянту контрарэвалюцыі відавочная ўсім.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG