Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты з 11 дзецьмі тыдзень сядзяць на мяжы Латвіі і Беларусі. Іх не прапускаюць памежнікі


Мігранты на мяжы Латвіі зь Беларусьсю

Курдзкія сем’і зь дзецьмі ўжо тыдзень знаходзіцца на мяжы Латвіі і Беларусі бяз хованкі і ежы, паведамляе выданьне Deutsche Welle. Відэа зь мяжы ім даслаў адзін зь мігрантаў, якога завуць Рава.

Сямʼі з 11 дзецьмі ўжо тыдзень знаходзяцца паміж межамі Беларусі і Латвіі. Назад у Беларусь іх не пускаюць беларускія памежнікі, а ў Латвію не пускаюць латвійскія памежнікі, піша Delfi.lv.

«Мы проста хочам, каб яны нас дэпартавалі ў Ірак; нам дрэнна, мы стаміліся, нам ніхто не дапамагае», — цытуе аднаго зь мігрантаў Zerkalo. Мужчына расказаў, што людзі мерзнуць і ў іх практычна не засталося ежы.

Міністарка ўнутраных спраў Латвіі Марыя Голубева паведаміла ў Twitter, што «латвійская памежная ахова забясьпечвае людзей, якіх беларускі спэцназ выштурхвае на мяжу ЭЗ, ежай і вадой, мэдыкамэнтамі, адзеньнем, а таксама мэдычнымі абсьледаваньнямі». «Калі існуе пагроза жыцьцю і здароўю, іх вязуць у шпіталь», — сказала палітык.

Яе словы пацьвердзіў міністар аховы здароўя Даніэль Павлютс, сказаўшы, што памежнікі рэгулярна выклікаюць мігрантам службу неадкладнай мэдычнай дапамогі і іншых мэдыкаў, а Даўгаўпілскі шпіталь знаходзіцца ў рэжыме гатоўнасьці, каб аказаць любую неабходную дапамогу.

Кіраўнік МУС падкрэсьліла, што гэта спроба Менску выкарыстоўваць людзей у гібрыднай апэрацыі супраць ЭЗ. У сваю чаргу, міністар абароны Арціс Пабрыкс абвінаваціў выданьне ў прадузятасьці:

«Ваш рэпартаж предузяты, таму што вы не паведамляеце, што беларускія ўлады прымушаюць гэтых людзей перасякаць мяжу супраць іх волі», — заявіў міністар у Twitter, паказаўшы, што гэта зьяўляецца гібрыднай вайной, накіраванай на тое, каб падбухторваць жыхароў ЭЗ супраць ЭЗ. Міністар лічыць, што праблемай тут зьяўляецца выкраданьне грамадзян трэціх краін рэжымам Лукашэнкі, удзел у гандлі людзьмі і гвалт у адносінах да ўцекачоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG